Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
20 сакавіка 2019, 11:11

ААН накіруе $20 млн пацярпелым ад цыклону "Ідай"

20 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арганізацыя Аб'яднаных Нацый выдзеліла са свайго Цэнтральнага фонду рэагавання на надзвычайныя сітуацыі (CERF) $20 млн для гуманітарнай дапамогі пацярпелым ад цыклону "Ідай" у Мазамбіку, Зімбабвэ і Малаві. Аб гэтым паведамляе Associated Press.

Намеснік Генеральнага сакратара ААН па гуманітарных пытаннях Марк Лаўкок заявіў 19 сакавіка, што асноўная частка фінансавання будзе накіравана ў найбольш пацярпелыя ад цыклону рэгіёны Мазамбіка. Ён падкрэсліў, што сродкі ААН будуць дапаўняць намаганні ўрадаў трох пацярпелых краін па забеспячэнні аховы здароўя, харчавання, абароны і адукацыі ў закранутых цыклонам раёнах. Частка сумы будзе накіравана на аднаўленне электрасувязі, водазабеспячэння і тэлекамунікацый.

Прэзідэнт Мазамбіка Філіпэ Ньюсі паведаміў 19 сакавіка, што толькі ў яго краіне ахвярамі цыклону "Ідай" сталі больш за 200 чалавек. Колькасць загінулых у выніку самай разбуральнай за апошнія 20 гадоў паводкі, паводле слоў прэзідэнта Мазамбіка, можа перасягнуць тысячу чалавек. Філіпэ Ньюсі аб'явіў тродзённую нацыянальную жалобу і заявіў, што ў бліжэйшы час у краіне будзе аб'яўлена надзвычайнае становішча. Сотні людзей па-ранейшаму знаходзяцца ў зоне рызыкі затаплення з-за працяглых праліўных дажджоў. Многія жыхары затопленых мазамбікскіх раёнаў у чаканні дапамогі ратавальнікаў знаходзяцца на дахах дамоў. Сярод пацярпелых у Мазамбіку, паводле падлікаў ААН, больш за 260 тыс. дзяцей.

Трапічны цыклон "Ідай" прывёў да паводкі, якая разбурыла дамы і выклікала перабоі з падачай электраэнергіі і водазабеспячэння ў Зімбабвэ, Малаві і Мазамбіку. Мацней за ўсё пацярпеў ад цыклону мазамбікскі горад Бейра з насельніцтвам каля 500 тыс. чалавек, тут пашкоджаны і затоплены 90 працэнтаў будынкаў. Паводле ацэнак ААН, сумарная колькасць пацярпелых у выніку цыклону можа перасягнуць некалькі мільёнаў чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі