23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінулы год пабіў усе рэкорды: ён стаў адным з самых гарачых за гісторыю метэаралагічных назіранняў, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Цэнтр навін ААН.
Сярэдняя тэмпература паветра па планеце ў мінулым годзе была на 1,1 градуса вышэйшай за ўзровень даіндустрыяльнага перыяду, што беспрэцэдэнтна, і на 0,06 градуса перавысіла папярэдні рэкорд, устаноўлены ў 2015 годзе. Максімальна высокай была і сярэдняя тэмпература паверхні акіяна. Акрамя таго, узровень акіяна прадаўжаў павышацца, арктычныя льды раставалі. Аб гэтым гаворыцца ў новым дакладзе ААН, апублікаваным напярэдадні Сусветнага метэаралагічнага дня.
Нядаўна апублікаваныя даследаванні паказваюць, што акіяны пацяплелі яшчэ ў большай ступені, чым меркавалася раней. Працягласць антарктычнага марскога льду знаходзіцца на рэкордна нізкім узроўні. Гэтай зімой як мінімум тройчы ў Арктыцы адзначаліся магутныя атлантычныя штормы, якія выклікалі прыток цёплага вільготнага паветра. Як вынік, у разгар арктычнай зімы і ў перыяд марскога ледаставу адзначаліся дні, якія па ўмовах набліжаліся да кропкі раставання.-0-