Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
12 кастрычніка 2017, 16:02

Вынікі сезона для беларускай лёгкай атлетыкі несуцяшальныя - Шамко

12 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вынікі сезона для беларускай лёгкай атлетыкі несуцяшальныя. Такое меркаванне на сумесным пасяджэнні калегіі Мінспорту і выканкама Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі выказаў міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе спартыўнага ведамства.

Адкрываючы пасяджэнне, Аляксандр Шамко адзначыў, што размова аб стане спраў у лёгкай атлетыцы наспела даўно і з'яўляецца працягам існуючай практыкі адкрытага і шчырага абмеркавання праблем і спосабаў іх вырашэння.

"Мы падводзім некаторыя вынікі завершанага сезона, і тут няма чаго ўтойваць - яны несуцяшальныя. Усе чулі справядлівую крытыку ў адрас лёгкаатлетаў з вуснаў Прэзідэнта на Алімпійскім сходзе. Шматлікая армія паклоннікаў гэтага медаляёмістага віду спорту чакала ў гэтым годзе большага ад нашых атлетаў. Тым больш што фінансаванне нацыянальнай каманды забяспечваецца ў поўным аб'ёме, ёсць навуковае і медыцынскае суправаджэнне, добрая інфраструктура, падрасла ўжо нядрэнная моладзь. Гэта значыць, патэнцыял ёсць, але што перашкодзіла яго рэалізаваць у поўнай меры? Неабходна разабрацца, дзе мы недапрацоўваем і чаму", - сказаў Аляксандр Шамко.

Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі адзначыў, што першы год пасля летняй Алімпіяды не заўсёды атрымліваецца выніковым. Па розных прычынах нацыянальная каманда падышла да чэмпіянату свету - 2017 не ў аптымальным складзе.

"Пры гэтым амбіцыі ва ўсіх вялікія, і спартсмены, і трэнеры ўжо набылі значны вопыт, усе ведаюць, над чым трэба працаваць. Так, мы не апраўдалі надзеі балельшчыкаў па выніках чэмпіянату ў Лондане, і я за гэта папрасіў прабачэння перад грамадскасцю, але мы абавязкова выправімся, для гэтага неабходны час, цярплівасць і велізарная праца", - падкрэсліў Вадзім Дзевятоўскі.

З асноўным дакладам "Аб выніках спаборніцкага сезона 2017 года нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы і перспектыўнае планаванне падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў 2020 года" выступіў галоўны трэнер зборнай Ігар Сівадзедаў.

Абапіраючыся на лічбы і факты, ён дэталёва прааналізаваў вынікі выступлення топавых, а таксама маладых атлетаў у гэтым сезоне. Настаўнік каманды звярнуў увагу, што ў гэты перыяд былі і паспяховыя выступленні беларускіх спартсменаў на міжнароднай арэне. Так, на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы (U-23) у польскім Быдгашчы беларускія спартсмены заваявалі тры медалі, з кантынентальнага першынства (U-20) у італьянскім Грасета прывезлі 7 узнагарод, а на сусветным форуме (U-18) у кенійскім Найробі прадстаўнікам Беларусі ўдалося двойчы падняцца на п'едэстал гонару. Аднак асноўны старт сезона (чэмпіянат свету) прайшоў для айчынных спартсменаў без медалёў.

На думку Ігара Сівадзедава, асноўнымі прычынамі невыканання планавых заданняў сталі недастатковы ўзровень псіхалагічнай устойлівасці асобных спартсменаў у стрэсавай сітуацыі; метадычныя памылкі шэрага асабістых і старшых трэнераў у падрыхтоўцы атлетаў да ўдзелу ў адказных спаборніцтвах; недастаткова эфектыўнае ўзаемадзеянне нацыянальнай каманды са спецыялістамі комплекснай навуковай групы.

Галоўны трэнер таксама звярнуў увагу, што некаторыя спецыялісты, на жаль, не ўдзяляюць належнай увагі аднаўленчаму працэсу, часам празмерна нагружаючы сваіх падапечных.

У час пасяджэння абмяркоўваліся пытанні ўдзелу спецыялістаў нацкаманды і РЦАП па лёгкай атлетыцы ў адборы перспектыўных спартсменаў пры камплектаванні аддзяленняў лёгкай атлетыкі цэнтраў і вучылішчаў алімпійскага рэзерву; умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы і кадравага складу дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ; узмацнення кантролю за ходам цэнтралізаванай і дэцэнтралізаванай падрыхтоўкі спартсменаў да ІІ Еўрагульняў і Алімпіяды 2020 года і шэраг іншых тэм.

Падводзячы вынікі пасяджэння, Аляксандр Шамко падкрэсліў, што размова атрымалася карыснай.

"Мінспорту не ставіць сваёй мэтай каго-небудзь пакараць. Галоўнае - разабрацца ў праблемах айчыннай лёгкай атлетыкі, не займацца самазаспакаеннем, маўляў, ёсць патэнцыял, і нашы спартсмены яшчэ сябе пакажуць. Мы абавязаны ўсе разам - органы дзяржкіравання, федэрацыя, рэгіёны, тренерскі склад, навукова-медыцынскі персанал - выпраўляць сітуацыю, забяспечыўшы якасную падрыхтоўку атлетаў да галоўных спартыўных стартаў", - адзначыў міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі