18 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія тэнісісткі паспяхова пачалі выступленні ў кваліфікацыі турніраў у Будапешце і Дубаі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У венгерскай сталіцы Вера Лапко перайграла ў трохсэтавым паядынку галандскую тэнісістку Леслі Керкхаве - 6:2, 4:6, 6:3.
У буйнейшым горадзе ААЭ беларуска Арына Сабаленка перайграла японку Мію Ката ў дзвюх партыях - 6:3, 6:4.
На мужчынскім турніры ў Нью-Ёрку беларус Максім Мірны і аўстрыец Філіп Освальд прабіліся ў фінал парнага разраду, абыграўшы амерыканскі дуэт Раян Харысан / Стыў Джонсан з лікам 4:6, 6:4, 10:7. У вырашальным матчы беларуска-аўстрыйскі тандэм згуляе з яшчэ адной інтэрнацыянальнай парай Арцём Сітак (Новая Зеландыя) / Уэслі Колхаф (Нідэрланды). Для 40-гадовага Максіма Мірнага гэта будзе соты фінал на турнірах пад эгідай Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў. Да гэтага за ўсю сваю доўгую кар'еру Максім 95 разоў выступаў у парных фіналах (50 перамог) і 4 у адзіночных (1).-0-