Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
21 сакавіка 2018, 14:08

Валейбалісткі "Мінчанкі" ўпершыню прабіліся ў фінал кантынентальнага турніру - Кубка ЕКВ

21 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Валейбалісткі "Мінчанкі" ўпершыню прабіліся ў фінал кантынентальнага турніру - Кубка ЕКВ, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Пасля выязной вікторыі ў першым паўфінальным паядынку з рэзультатам 3:2 дамашні матч падапечныя Віктара Ганчарова пачалі няўдала. З-за моцнага хвалявання беларускія валейбалісткі дапусцілі нямала памылак і ўступілі першую партыю з лікам 19:25.

Другі сэт таксама застаўся за нямецкай камандай - 25:20, і толькі ў трэцяй партыі мінчанкі змаглі выйграць - 25:23. Гэты поспех натхніў гаспадынь пляцоўкі, і пры падтрымцы балельшчыкаў яны здолелі ўзяць і чацвёрты сэт з тым жа лікам 25:23.

Пятую партыю выйгралі госці - 15:2, і лік стаў 3:2 на іх карысць. Лёс пуцёўкі ў фінал вырашаўся ў "залатой" партыі, у якой нервы былі мацнейшымі ў беларускіх валейбалістак - 15:8.

Пасля гэтай паспяховай гульні Віктар Ганчароў сказаў, што ганарыцца сваімі падапечнымі, якія змаглі праявіць неверагодныя валявыя якасці. Уступаючы 0:2, каманда не апусціла рукі і даказала, што невыпадкова прайшла гэты еўракубкавы шлях і выйшла ў фінал, падкрэсліў настаўнік "Мінчанкі".

Цяпер у вырашальных паядынках за другі па значнасці трафей еўрапейскага клубнага валейбола (пасля Лігі чэмпіёнаў) каманда Віктара Ганчарова сустрэнецца з турэцкім клубам "Экзачыбашы", які ў паўфінале двойчы разграміў нямецкі "Шверын" з "сухім" лікам 3:0. Першы матч фінальнай серыі за ганаровы трафей пройдзе 3 красавіка ў Мінску, у адказ - 10 красавіка ў Стамбуле.

Выхад у фінал Кубка ЕКВ - самае значнае дасягненне беларускіх валейбольных клубаў з 1987 года, калі мінскі "Камунальнік" стаў уладальнікам Кубка кубкаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі