Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
21 чэрвеня 2018, 10:02

Цырымонія адкрыцця абноўленага стадыёна "Дынама" адбудзецца ў Мінску

21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цырымонія адкрыцця абноўленага стадыёна "Дынама" адбудзецца сёння ў Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Арганізатары падрыхтавалі маштабную і насычаную музычна-спартыўную праграму. Перад гледачамі выступяць вядомыя беларускія выканаўцы, сярод якіх Анатоль Ярмоленка, ТЭА, Ганна Благава, Вікторыя Алешка, а таксама ўзорна-паказальны аркестр Міністэрства абароны Беларусі, Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі і іншыя творчыя калектывы.

Спартыўная праграма абяцае стаць не менш насычанай. Лёгкаатлетычная эстафета сярод юных выхаванцаў спартыўных школ з усіх рэгіёнаў краіны дасць магчымасць праявіць сябе многім юнакам і дзяўчатам, кандыдатам на ўдзел у чэмпіянаце Еўропы 2018 года і Юнацкіх Алімпійскіх гульнях 2018 года ў Буэнас-Айрэсе. Сімвалічны старт забегу дадуць прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый Себасцьян Коэ і алімпійская чэмпіёнка ў бегу на 100 м Юлія Несцярэнка.

Упрыгажэннем адкрыцця "Дынама" стане футбольны матч зборнай каманд мінскага і брэсцкага "Дынама" са зборнай клубаў чэмпіянату Беларусі. На новы газон галоўнай арэны краіны выйдуць Аляксандр Глеб, Максім Бардачоў, Дзяніс Шчарбіцкі, Міхаіл Гардзяйчук. Каментатарам матчу выступіць вядомы беларускі журналіст Уладзімір Навіцкі.

Завершыць урачыстыя мерапрыемствы адкрыцця маляўнічы феерверк.

Цырымонію адкрыцця мінскага стадыёна "Дынама" балельшчыкі змогуць убачыць у прамым эфіры спартыўнага тэлеканала "Беларусь 5" у 19.00. Каменціраваць трансляцыю будуць Сяргей Мацкевіч і Павел Баранаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі