Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
19 чэрвеня 2017, 14:26

Трэнерскі штаб зборнай Беларусі па пляжным футболе ўзначаліць іспанскі спецыяліст

19 чэрвеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. У склад абноўленага трэнерскага штаба зборнай Беларусі па пляжным футболе ўвойдуць два прадстаўнікі Іспаніі, а ўзначаліць каманду вопытны трэнер, былы ігрок зборнай Іспаніі Ніка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня асацыяцыі "Федэрацыя пляжнага футбола" Беларусі (АФПФ) Аляксей Сычоў.

Першы афіцыйны матч пад кіраўніцтвам іспанскага спецыяліста нацыянальная каманда згуляе на міжнародным турніры "Кубак дружбы", які пройдзе з 30 чэрвеня па 2 ліпеня ў Віцебску. "Напярэдадні спаборніцтваў зборная правядзе вучэбна-трэніровачны збор у Віцебску, дзе і будзе прадстаўлены ігракам абноўлены трэнерскі штаб, у які ўвойдуць акрамя двух прадстаўнікоў Іспаніі працуючы ўжо з камандай вядомы беларускі спецыяліст Вячаслаў Акшаеў", - паведаміў Аляксей Сычоў.

Пасада рулявога зборнай заставалася вакантнай з 30 сакавіка 2017 года пасля таго, як АФПФ датэрмінова скасавала кантракт з бразільскім спецыялістам Марка Актавіа.

Паводле слоў Аляксея Сычова, перад новым трэнерскім штабам ставіцца задача як мінімум не пагоршыць становішча зборнай у міжнародных рэйтынгах, а таксама ўвайсці ў тройку мацнейшых па выніках розыгрышу Еўралігі, дзе каманда ў 2016 годзе ўпершыню ўзнялася на пятае месца. Разам з тым асноўным арыенцірам у рабоце для іспанскіх спецыялістаў стане падрыхтоўка каманды і бліжэйшага рэзерву да ўдзелу ў Еўрапейскіх гульнях 2019 года, якія пройдуць у Беларусі. Для гэтага ў бягучым годзе сфарміравана на прафесійнай аснове маладзёжная зборная (узрост ігракоў да 21 года). Акрамя таго, упор робіцца на развіццё масавага пляжнага футбола ў рэгіёнах. Упершыню ў гэтым годзе ў фармаце першай лігі пройдуць чэмпіянаты па пляжным футболе ва ўсіх абласцях і Мінску, а пераможца заваюе права выступаць у вышэйшай лізе ў будучым сезоне. Федэрацыя нацэльвае трэнерскі штаб зборнай наведваць матчы ў рэгіёнах і праглядаць перспектыўнае папаўненне для галоўнай каманды.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі