Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
24 студзеня 2018, 13:35

Сімона Халеп і Ангеліка Кербер выйшлі ў паўфінал Australian Open

24 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У жаночым адзіночным разрадзе адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе вызначыліся ўсе ўдзельніцы паўфінальнай стадыі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Першая ракетка свету румынка Сімона Халеп сёння затраціла крыху больш за гадзіну для перамогі ў паядынку 1/4 фіналу над чэшкай Каралінай Плішкавай (6-ы нумар сусветнага рэйтынгу) - 6:3, 6:2. У паўфінале Халеп сустрэнецца з нямецкай тэнісісткай Ангелікай Кербер (16), якая сёння вельмі ўпэўнена ўсяго за 50 мінут перамагла амерыканку Мэдзісан Кіз (20) - 6:1, 6:2. У другім паўфінале другі нумар сусветнага рэйтынгу Каралін Вазняцкі з Даніі згуляе з бельгійкай Эліз Мартэнс (37).

Сёння ў мужчынскім адзіночным разрадзе прадоўжыў пераможнае шэсце 21-гадовы тэнісіст з Рэспублікі Карэя Чон Хён (58), перамогшы ў чвэрцьфінале амерыканца Тэніса Сандгрэна (97) - 6:4, 7:6 (7:5), 6:3. Яго апанент па паўфінале вызначыцца сёння пасля апошняга чвэрцьфіналу, у якім дзеючы чэмпіён Australian Open легендарны швейцарац Роджэр Федэрэр згуляе з чэхам Томашам Бердыхам (20). Другую пару паўфіналістаў склалі харват Марын Чыліч (6) і брытанец Кайл Эдмунд (49). Напярэдадні ў 1/4 фіналу Чыліч выбіў з барацьбы цяперашняга лідара сусветнага рэйтынгу іспанца Рафаэля Надаля, які з-за траўмы не змог прадоўжыць гульню ў пятым сэце.

Паўфінальныя баталіі Australian Open пройдуць на кортах "Мельбурн Парка" 25 і 26 студзеня, жаночы фінал адбудзецца 27 студзеня, мужчынскі - 28 студзеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі