Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
23 сакавіка 2017, 16:28

Рэкордная колькасць гімнастак прыме удзел у турніры на прызы Марыны Лобач

23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэкордная колькасць спартсменак прыме ўдзел у XV Міжнародным турніры па мастацкай гімнастыцы БФСТ "Дынама" на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Марыны Лобач. Аб гэтым расказала на прэс-канферэнцыі знакамітая спартсменка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У спаборніцтвах, якія пройдуць 25-26 сакавіка на пляцоўцы мінскага Палаца спорту, на гімнастычны дыван выйдуць грацыі розных узростаў: ад 2001 да 2008 года нараджэння. "У параўнанні з папярэднімі турнірамі крыху змянілі фармат, за кошт чаго павялічылася і колькасць удзельнікаў. Гледачы змогуць убачыць выступленні гімнастак у катэгорыі "сеньёркі". Таксама разыграем узнагароды ў групавым практыкаванні з дзесяццю булавамі сярод юніёрак (2002-2004 г. нар.), вызначым лепшую каманду юніёрак. Дадзім шанц праявіць сябе на адной з галоўных спартыўных арэн Мінска зусім юным талентам, у якіх не так шмат турніраў. Па сутнасці, многія гімнасткі, хто прыме ўдзел у спаборніцтвах 25-26 сакавіка, пачнуць адбор і падрыхтоўку да летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа", - расказала Марына Лобач.

Усяго плануецца ўдзел у спаборніцтвах 145 спартсменак. Пашырылася і геаграфія турніру: дэбютуюць на ім грацыі з Чэхіі, пасля невялікага перапынку зноў у Мінск прыедзе каманда Украіны.

Беларуская зборная традыцыйна будзе прадстаўлена ў сваіх узростах мацнейшым складам. На мінулых спаборніцтвах перамога беларусак была пераканаўчай. Напрыклад, Аліна Гарнасько і Юлія Ісачанка занялі першыя месцы ў асобных відах, Ісачанка таксама выйграла ў мнагабор'і. У Палацы спорту з інтарэсам чакаюць выступленні абноўленай беларускай каманды ў групавым практыкаванні.

Акрамя галоўнага трафея, імянной статуэткі, удзельніц чакае мноства розных узнагарод. Прэзідэнцкі спартыўны клуб па традыцыі дорыць падарункі ўсім удзельніцам, трэнерам, кіраўнікам каманд і суддзям турніру, а таксама прадастаўляе каштоўныя прызы для пераможцаў у розных відах і мнагабор'і.

Спаборніцтвы ў мінскім Палацы спорту стартуюць 25 сакавіка ў 10.00. Фіналы пачнуцца ў 13.30 у заключны дзень турніру 26 сакавіка.

Турнір на прызы Марыны Лобач стане важным этапам падрыхтоўкі да чэмпіянату Еўропы, які ў гэтым годзе пройдзе ў канцы мая ў Будапешце.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі