Поўная версія

Падрыхтаваны каляндар правядзення спаборніцтваў па відах спорту ІІ Еўрагульняў

Спорт 09.01.2018 | 16:50
Асімакіс Асімакопулас. Фота афіцыйнага сайта Еўрапейскіх гульняў
Асімакіс Асімакопулас. Фота афіцыйнага сайта Еўрапейскіх гульняў

9 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падрыхтаваны каляндар правядзення спаборніцтваў па відах спорту ІІ Еўрагульняў у Мінску. Аб гэтым паведаміў галоўны эксперт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) па спорце Асімакіс Асімакопулас, які прыняў удзел сёння ў рабочым пасяджэнні фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Цяпер расклад па відах спорту павінен прайсці ўзгадненне ў многіх міжнародных структурах, з тэлебачаннем. "Каляндар правядзення спаборніцтваў на ІІ Еўрагульнях падрыхтаваны больш як на 90 працэнтаў. Могуць быць нейкія змяненні, але яны не будуць глабальнымі", - сказаў галоўны эксперт.

На сустрэчы ў Мінску абмяркоўвалася таксама ўзаемадзеянне спартыўнай часткі з астатнімі напрамкамі арганізацыі Еўрагульняў. Як адзначыў Асімакіс Асімакопулас, Беларусь мае сур'ёзны вопыт правядзення буйных спаборніцтваў, у краіны высокія стартавыя пазіцыі ў падрыхтоўцы, і ЕАК знаходзіць поўнае ўзаемаразуменне з дырэкцыяй у ходзе падрыхтоўкі да еўрафоруму ў 2019 годзе.

Беларусь атрымала права правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, якое ў кастрычніку 2016 года адбылося ў Мінску. У праграму Еўрагульняў, якія пройдуць з 21 па 30 чэрвеня 2019 года, увайшлі 15 відаў спорту: бадмінтон, баскетбол 3х3, бокс, барацьба (грэка-рымская, вольная, жаночая), веласіпедны спорт (трэк і шаша), гімнастыка (спартыўная, мастацкая, акрабатыка, аэробіка і скачкі на батуце), веславанне на байдарках і каноэ, дзюдо, каратэ, лёгкая атлетыка, самба, стральба з лука, стральба (кулявая і стэндавая), настольны тэніс, пляжны футбол. Атлеты разыграюць 189 камплектаў узнагарод у 23 спартыўных дысцыплінах.-0-

Навіны рубрыкі Спорт
Поўная версія