Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
17 красавіка 2017, 16:54

Настасся Верамеенка ў складзе "Фенербахчэ" заняла другое месца ў баскетбольнай Еўралізе

17 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская баскетбалістка Настасся Верамеенка ў складзе "Фенербахчэ" заняла другое месца ў Еўралізе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У фінале чатырох жаночай Еўралігі ў Екацярынбургу турэцкі клуб за права выхаду ў вырашальны матч быў мацнейшы за расійскі УГМК - 70:61.

У фінале "Фенербахчэ" сустрэўся з "Дынама" з Курска. Першая чвэрць засталася за камандай беларускі - 18:17, але далей расійская каманда дапусціла менш памылак і заслужана перамагла - 77:63. Настасся Верамеенка правяла на пляцоўцы ў фінале Еўралігі 23 мінуты, адзначылася двума набранымі ачкамі і зрабіла тры блок-шоты.

Адна з лепшых цэнтравых Еўропы выступае за "Фенербахчэ", з перапынкам на дэкрэтны водпуск, з 2012 года. У складзе зборнай Беларусі баскетбалістка плануе прыняць удзел у чэрвеньскім чэмпіянаце Еўропы ў Чэхіі.

Нацыянальная каманда пад кіраўніцтвам Наталлі Трафімавай на папярэдняй стадыі выступіць у групе В. Турнір для беларусак стартуе 16 чэрвеня з камандай Італіі. На наступны дзень, 17 чэрвеня, адбудзецца сустрэча са Славакіяй, а завершыцца групавы этап 19 чэрвеня гульнёй з камандай Турцыі.

Раней жаночая зборная Беларусі па баскетболе пяць разоў прымала ўдзел у фінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы і найбольш высокага выніку дасягнула ў 2007-м годзе, заняўшы трэцяе месца. У 2015-м беларускі былі чацвёртымі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі