17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты мінскага "Дынама" з перамогі з лікам 2:0 (0:0, 2:0, 0:0) над кітайскім "Куньлунем" стартавалі ў выязной серыі дзясятага сезона чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Матч у Шанхаі, дзе прымае сваіх сапернікаў клуб з Пекіна, атрымаўся для падапечных Гордзі Дуаера напружаным. Гаспадары пляцоўкі, у складзе якіх выступілі беларускія абаронцы Павел Варабей і Раман Грабарэнка, лічацца адной з лепшых каманд па гульні ў абароне. Аднак мінчанам двойчы ўдалося паразіць вароты сапернікаў.
"Куньлунь" (Пекін) - "Дынама-Мінск" - 0:2 (0:0, 0:2, 0:0).
Шанхай. Спарткомплекс "Фэян".
"Куньлунь": Хельберг (Скрыннік); Кулда - Грабарэнка, Дэфацыа - Бруле - Вольскі; Перацягін - Блэкер, Лесіа - Кейн - Іп; Ярвінен - Хлыстоў, О'Донэл - Рысанен - Турэсан; Чыпчура - Локхарт - Джо; Варабей.
"Дынама-Мінск": Энрат (Карнавухаў); Граньяні - Дзянісаў, Лінгле - Хаўдэн - Фантэйн; Корабаў - Шынкевіч, Паўловіч - Шаранговіч - Скіле; Хенкель - Знахарэнка, Сцяпанаў - Кавыршын - Гаўрус; Дрозд - Волкаў - Карабань; Дзюкаў, Буйніцкі.
Шайбы: 0:1 - Сцяпанаў (Корабаў, 27.14). 0:2 - Хаўдэн (Фантэйн, Граньяні, 38.23, у большасці).
Кідкі: 23 - 29.
Штраф: 12 - 6.
Пекінскі "Куньлунь" правёў матч без яшчэ аднаго беларуса - Андрэя Касціцына. Форвард атрымаў траўму і надоўга выбыў са складу. У стартавыя дваццаць хвілін гульні беларуская каманда паспяхова стрымала стартавы націск каманды пад кіраўніцтвам знакамітага трэнера Дэйва Кінга. У канцы перыяду дынамаўцы атрымалі шанц вызначыцца голам пры гульні ў большасці. Спачатку нападаючы "Куньлуня" Мікіта Хлыстоў атрымаў дзве хвіліны штрафу, а перад сірэнай аб заканчэнні перыяду гаспадары зноў парушылі правілы.
Пасля адпачынку падапечныя Гордзі Дуаера дзейнічалі супраць тройкі ігракоў "Куньлуня", але вызначыцца на гэтым гульнявым адрэзку не змаглі. Кітайскі клуб, выстаяўшы ў меншасці, стварыў некалькі небяспечных момантаў каля варот Юнаса Энрата. Аднак у сярэдзіне другога перыяду дакладны кідок удаўся форварду "Дынама" Андрэю Сцяпанаву. Атрымаўшы перадачу ад Дзмітрыя Корабава, нападаючы на скорасці кінуў па варотах і адкрыў лік у гульні - 1:0. На 39-й хвіліне "зубры" рэалізавалі колькасную перавагу пасля выдалення Лукаса Лесіа. Розыгрыш камбінацыі партнёраў дакладным кідком завяршыў Куінтан Хаўдэн - 2:0.
У заключным перыядзе "Куньлунь" пастараўся больш актыўна згуляць у атацы. Галкіперу "Дынама" давялося значна папрацаваць. Канцоўка матчу гаспадарам не ўдлася. Мінчане паспяхова стрымлівалі націск на свае вароты, у выніку атрымалі важную перамогу ў барацьбе за месца ў плэй-оф.
Выязную серыю ў чэмпіянаце КХЛ "Дынама" прадоўжыць ва Уладзівастоку, дзе 18 лістапада згуляе з мясцовым "Адміралам".-0-