Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
17 кастрычніка 2018, 10:48

Мінскае "Дынама" пацярпела сёмае паражэнне запар у чэмпіянаце КХЛ

17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты мінскага "Дынама" пацярпелі 7-е паражэнне запар у матчах чэмпіянату КХЛ, уступіўшы на сваёй пляцоўцы маскоўскім дынамаўцам з лікам 1:3, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Дынама-Мінск" - "Дынама" (Масква) - 1:3 (0:0, 1:1, 0:2).

"Мінск-Арэна". 9194 гледачы.

"Дынама-Мінск": Энрат (Карнавухаў); Уіркаш - Осіпаў, С.Касціцын - Хаўдэн - Пулкінен; Хенкель - Лісавец, Буйніцкі - Кавыршын - А.Касціцын; Явенка - Хахлоў, Казіёнаў - Кітараў - Сцяпанаў; Драздоў - Волкаў - Когалеў; Знахарэнка, Боўбель.

"Дынама" (Масква): Бачараў (Яроменка); Кайвіста - Вішнеўскі, Кагарліцкі - Шыпачоў - Тарасаў; Волкаў - Нікулін, Аляксееў - Індрашыс - Макараў; Зайцаў - Пепяляеў, Бруквін - Ігумнаў - Сідляраў; Майсееў - Панкратаў - Кулемін; Меньшыкаў, Муранаў.

Шайбы: 1:0 - Осіпаў (Хахлоў, 28.32), 1:1 - Шыпачоў (34.37), 1:2 - Індрашыс (Аляксееў, 54.45), 1:3 - Аляксееў (Сідляраў, Індрашыс, 58.21).

Кідкі: 21 - 27.

Штраф: 8 - 12.

Сустрэча з масквічамі завяршала чарговую дамашнюю серыю "зуброў", і яны вельмі хацелі парадаваць сваіх балельшчыкаў добрай гульнёй і перамогай. Да гэтага ж імкнуліся і госці, якія выступаюць таксама няўдала, у сувязі з чым у камандзе нядаўна адбылася змена трэнера. Месца Уладзіміра Вараб'ёва ў пачатку кастрычніка заняў вельмі вопытны настаўнік Уладзімір Крыкуноў, які розныя гады працаваў у мінскім "Дынама" і зборнай Беларусі.

Абодва ўчарашнія сапернікі імкнуліся як мага хутчэй адкрыць лік, таму гульня адразу пайшла на сустрэчных атакуючых курсах. Аднак у першым перыядзе гледачы не ўбачылі закінутых шайбаў. Гэта здарылася толькі ў сярэдзіне другой трэці матчу, калі вароты гасцей паразіў Дзяніс Осіпаў.

Мінчане прадаўжалі атакаваць, госці не збіраліся здавацца, і ў хуткім часе Вадзім Шыпачоў зраўнаваў лік - 1:1.

У трэцім перыядзе масквічы і зусім выйшлі наперад, калі Мікс Індрашыс скарыстаўся памылкай гаспадароў у абароне. Мінчане спрабавалі дагнаць сапернікаў, замяніўшы варатара шостым палявым іграком, але атрымалі шайбу ў пустыя вароты - 1:3.

Пасля 18 праведзеных гульняў у каманды Гордзі Дуаера засталося 11 ачкоў. Яна займае 12-е, апошняе, месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі.

Цяпер мінскія дынамаўцы адправяцца ў выязное турнэ: 20 кастрычніка іх чакае сустрэча ў Новасібірску з "Сібір'ю", 22 кастрычніка - матч у Астане з "Барысам", 24 кастрычніка - паядынак у Омску з "Авангардам". Бліжэйшы паядынак у Мінску "зубры" правядуць 29 кастрычніка супраць хабараўскага "Амура".-0-

Фота Андрэя Пакумейкі

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі