Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
20 лістапада 2019, 15:35

Мінск упершыню прымае элітны раўнд кваліфікацыі ЛЧ па міні-футболе

20 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У мінскім палацы спорту "Уручча" сёння стартуе элітны раўнд Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе. Спаборніцтвы такога ўзроўню беларуская сталіца прымае ўпершыню, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Чэмпіён Беларусі мінская "Сталіца" свой стартавы паядынак групы D правядзе сёння супраць украінскага "Херсона" (пачатак у 19.30). У другім сённяшнім матчы іспанская "Барселона" сустрэнецца з чэшскай "Спартай" з Прагі (пачатак у 17.00).

У другім туры 21 лістапада "Сталіца" згуляе са "Спартай" (19.30), а 23 лістапада завершыць турнір матчам з "Барселонай" (14.30). У цяперашнім сезоне мінчане ўжо прымалі матчы Лігі чэмпіёнаў. У сярэдзіне кастрычніка падапечныя Яўгена Асінцава занялі першае месца ў групе 7 асноўнага кваліфікацыйнага раўнда, перамогшы нідэрландскі клуб "Хавакуба" (9:1) і французскі "Тулон" (3:1), згуляўшы ўнічыю з косаўскім "Лібурнам" (1:1).

Склады астатніх квартэтаў элітнага раўнда кваліфікацыі ЛЧ па міні-футболе:

А - КПРФ (Масква, Расія), "Добавец" (Славенія), "Хале-Гаоік" (Бельгія), "Мастар" (Боснія і Герцагавіна);

В - "Цюмень" (Расія), "Спортынг" (Лісабон, Партугалія), "Нова Врыеме" (Макарска, Харватыя), "Аят" (Рудны, Казахстан);

С - "Кайрат" (Алматы, Казахстан), "Бенфіка" (Лісабон, Партугалія), "Пезара" (Італія), "Мурсія" (Іспанія).

У "Фінал чатырох" чэмпіёнскай Лігі выйдуць толькі пераможцы квартэтаў элітнага раўнда. Беларускія клубы яшчэ ні разу не траплялі ў вырашальную стадыю гэтых спаборніцтваў. Дзеючым пераможцам Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе з'яўляецца партугальскі "Спортынг", які абыграў у вырашальным паядынку з лікам 2:1 казахстанскі "Кайрат".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі