Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
28 лістапада 2017, 12:20

Маскоўскі "Спартак" перамог футбалістаў "Зеніта", ЦСКА адолеў "Рубін" у чэмпіянаце Расіі

28 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты маскоўскага "Спартака" атрымалі перамогу над піцерскім "Зенітам" з лікам 3:1 у апошнім матчы 18-га тура чэмпіянату Расіі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Дзеючыя чэмпіёны Расіі спартакаўцы вельмі актыўна пачалі сустрэчу і праз паўгадзіны пасля стартавага свістка выйгравалі 2:0 дзякуючы дакладным ударам Аляксандра Самедава і Луіса Адрыяна. Прапусціўшы два галы, госці зайгралі значна актыўней, і на 35-й мінуце Даменіка Крышыта скараціў разрыў у ліку да мінімуму. Незадоўга да перапынку зенітаўцы мелі выдатную магчымасць зраўнаваць рэзультат, але мяч пасля ўдару Аляксандра Какорына трапіў у стойку варот "Спартака". У другой палавіне сустрэчы "Зеніт" прыклаў масу намаганняў, каб адыграцца, але гаспадары, якія засталіся ў меншасці на 85-й мінуце, выстаялі, а на 8-й кампенсаванай мінуце Марыа Пашаліч забіў трэці мяч, канчаткова сапсаваўшы настрой італьянскаму трэнеру "Зеніта" Раберта Манчыні, якому 27 лістапада споўнілася 53 гады. Яго каманда засталася на 2-й пазіцыі, а спартакаўцы ўзняліся на 4-ы радок.

Маскоўскі ЦСКА пад кіраўніцтвам беларускага спецыяліста Віктара Ганчарэнкі з цяжкасцю адолеў у Казані футбалістаў "Рубіна" - 1:0, застаўшыся на трэцім месцы ў турнірнай табліцы.

Лідар расійскага першынства маскоўскі "Лакаматыў" ва ўпартай барацьбе перайграў у Хабараўску мясцовы СКА - 2:1.

Футбалісты "Тосна" з беларусам Аляксандрам Карніцкім у складзе адолелі тульскі "Арсенал" - 3:2, "Растоў" пры ўдзеле беларускага паўабаронцы Цімафея Калачова выйграў з лікам 2:0 у махачкалінскага "Анжы", які трэніруе беларус Вадзім Скрыпчанка.

Рэзультаты астатніх гульняў 18-га тура: "Амкар" (Перм) - "Дынама" (Масква) - 2:1, "Урал" (Екацярынбург) - "Краснадар" - 0:1, "Ахмат" (Грозны) - "Уфа" - 2:1.

Становішча ў групе лідараў пасля 18 тураў: "Лакаматыў" - 39 ачкоў, "Зеніт" - 33, ЦСКА - 32, "Спартак" - 31, "Краснадар" - 30.

Сустрэчы наступнага тура пройдуць 1-3 снежня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі