Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
16 лістапада 2019, 13:13

Марына Зуева заняла 6-е месца на этапе КС па канькабежным спорце ў Мінску

16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска Марына Зуева заняла 6-е месца ў жаночых стартах групы А на дыстанцыі 3000 м этапу Кубка свету ў канькабежным спорце ў Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Марына Зуева прабегла дыстанцыю за 4 мін 7,803 сек.

Перамогу святкавала канадка Ізабель Вейдэман - 4 мін 4,679 сек. Другое месца засталося за галандкай Карлійн Ахцеэрэектэ (4 мін 5,153 сек). Бронзу выйграла яшчэ адна канадка Івані Блондэн (4 мін 6,080 сек). Крыху нечакана засталася па-за тройкай прызёраў тытулаваная чэшка Марціна Саблікава, якая лічылася адной з галоўных прэтэндэнтак на месца ў ліку прызёраў у гэтым відзе праграмы. У выніку яна стала чацвёртай з рэзультатам 4 мін 6,404 сек.

У стартах мужчын на 5000 м у групе А беларусы не выступалі. Золата ў галандца Патрыка Руста, які ўстанавіў рэкорд трэка (з гэтага часу ён складае 6 мін 16,615 сек). Яго суайчыннік Ёрыт Бергсма заваяваў серабро (6 мін 22,297 сек). Бронза на рахунку расіяніна Дзяніса Юскова, чый рэзультат 6 мін 22,543 сек. Расчараваў паклоннікаў свайго таленту шматразовы алімпійскі чэмпіён Свен Крамер з Нідэрландаў, які быў далёка за межамі тройкі мацнейшых, на 13-й пазіцыі (6 мін 28,530 сек).

На старт этапу Кубка свету ў Мінску выйшлі 250 спартсменаў з 27 краін. Арганізатарамі турніру выступілі Міжнародны саюз канькабежцаў (ISU), Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Міністэрства спорту і турызму Беларусі, Беларускі саюз канькабежцаў, Нацыянальны алімпійскі камітэт, рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне "Прэзідэнцкі спартыўны клуб", МКСК "Мінск-Арэна".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі