Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
18 красавіка 2019, 09:52

"Манчэстэр Сіці" адолеў "Тотэнхэм", але не выйшаў у паўфінал ЛЧ, "Ліверпуль" паўторна перамог "Порту"

18 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты англійскіх клубаў "Тотэнхэм" і "Ліверпуль" сталі паўфіналістамі Лігі чэмпіёнаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У англійскім дэрбі футбалісты лонданскага "Тотэнхэма" пасля мінімальнай дамашняй вікторыі над "Манчэстэр Сіці" (1:0) на выездзе ўступілі з лікам 3:4, але дзякуючы вялікай колькасці мячоў, забітых на чужым полі, прабіліся ў паўфінал.

Сустрэча ў Манчэстэры атрымалася проста фантастычнай па напале барацьбы. Ужо за стартавыя 11 мінут сапернікі па два разы паразілі вароты адзін аднаго. На 4-й мінуце Рахім Стэрлінг вывеў гаспадароў наперад, затым паўднёвакарэйскі легіянер гасцей Сон Хын-Мін на працягу трох мінут аформіў галявы дубль, а ў хуткім часе партугальскі паўабаронца "Манчэстэр Сіці" Бернарду Сілва зрабіў лік 2:2. На гэтым гаспадары не спыніліся, праз 10 мінут Рахім Стэрлінг забіў свой другі гол - 3:2. Пасля гэтага гульня крыху супакоілася, да перапынку рэзультат не змяніўся.

У другім тайме "Манчэстэр Сіці" адразу пайшоў наперад і на 59-й мінуце гульні Серхіа Агуэра забіў чацвёрты мяч. Такі расклад не задавальняў лонданцаў і праз 15 мінут Фернанда Льёрэнце зрабіў лік 4:3. Ігракі "Манчэстэр Сіці" кінуліся ў атаку ўсёй камандай і на 3-й кампенсаванай мінуце забілі пяты мяч, але ён быў адменены пасля відэапрагляду - турэцкі арбітр Джунейт Чакыр убачыў становішча па-за гульнёй у Серхіа Агуэра, які аддаваў галявы пас Рахіму Стэрлінгу. У паўфінале сапернікам "Тотэнхэма" будзе галандскі "Аякс", які абыграў па суме дзвюх чвэрцьфінальных сустрэч італьянскі "Ювентус" - 1:1 (дома) і 2:1 (у гасцях).

Лідар англійскага чэмпіянату "Ліверпуль", які выйграў дома ў партугальскага "Порту" (2:0), і ў гасцях быў мацнейшы - 4:1. У сярэдзіне першага тайма лік адкрыў Садзіё Манэ, а пасля перапынку Махамед Салах забіў другі мяч у вароты гаспадароў поля. Футбалісты "Порту" не здаваліся і на 69-й мінуце Эдэр Мілітаа адквітаў адзін гол, але затым Раберта Фірміна і Вірджыл ван Дэйк яшчэ двойчы паразілі вароты партугальскай каманды. У барацьбе за выхад у фінал футбалісты "Ліверпуля" сустрэнуцца з інспанскай "Барселонай", якая ўзяла верх над англійскім "Манчэстэр Юнайтэд" - 1:0 (у гасцях) і 3:0 (дома). Лідар "Барсы" Ліянэль Мэсі ўзначальвае бамбардзірскую гонку цяперашняй ЛЧ, забіўшы 10 мячоў.

Першыя паўфінальныя матчы адбудуцца 30 красавіка ў Барселоне і Лондане, у адказ - 7 мая ў Амстэрдаме і Ліверпулі. Вырашальны паядынак Лігі чэмпіёнаў пройдзе 1 чэрвеня на мадрыдскім стадыёне "Метрапалітана".

Сёння адбудуцца сустрэчы ў адказ 1/4 фіналу другога па рангу кантынентальнага турніру - Лігі Еўропы: "Напалі" (Італія) - "Арсенал" (Англія; рэзультат першага матчу - 0:2), "Валенсія" (Іспанія) - "Вільярэал" (Іспанія; 3:1), "Айнтрахт" (Германія) - "Бенфіка" (Партугалія; 2:4), "Чэлсі" (Англія) - "Славія" (Чэхія; 1:0).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі