15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборная Беларусі ў матчы адборачнага турніру маладзёжнага чэмпіянату Еўропы па футболе (U-21) групы 7 не змагла перамагчы каманду Кіпра - сустрэча завяршылася з лікам 1:1, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Гульня праходзіла на стадыёне "Амохастас" у Ларнацы. У першым тайме беларусы пераважна абараняліся, фактычна не стварыўшы небяспечных момантаў каля варот сапернікаў. Кіпрыёты дзейнічалі першым нумарам, пастаянна трымаючы ў напружанні галкіпера беларусаў Паўла Паўлючэнку. На 37-й мінуце матчу колькасць перарасла ў якасць. У гаспадароў паля вызначыўся абаронца Хрыстас Схеліс.
Пасля перапынку госці прыкметна актывізаваліся, стараючыся ўхіліцца ад паражэння. Каля варот Антрэаса Параскеваса пачалі ўзнікаць небяспечныя моманты, адзін з іх прывёў да гола. На 68-й мінуце вызначыўся Дзяніс Грачыха, які ўстанавіў канчатковы лік сустрэчы.
Турнірнае становішча ў групе 7 пасля матчу такое: Галандыя - 6 ачкоў (2 матчы), Партугалія - 6 (3), Нарвегія - 4 (2), Беларусь - 4 (3), Кіпр - 3 (3), Гібралтар - 0 (3).-0-