Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
19 сакавіка 2019, 10:18

Крывушэнка: старт у адборы да ЧЕ-2020 - шанц для беларускіх футбалістаў паказаць высокі рэзультат

19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старт у адборачным цыкле чэмпіянату Еўропы 2020 года - чарговы шанц для беларускіх футбалістаў паказаць высокі рэзультат. Аб гэтым заявіў журналістам галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Ігар Крывушэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Пачатак любой справы - хвалюючы момант. Часу для падрыхтоўкі да афіцыйных матчаў Еўра-2020 мелі не так шмат, але ўсе сапернікі знаходзяцца ў такіх умовах. Адзначу, што старт адборачнага цыкла - чарговы шанц, і мы пастараемся ім скарыстацца, каб паказаць высокі рэзультат", - адзначыў Ігар Крывушэнка.

Настаўнік нацыянальнай зборнай падкрэсліў, што каманда будзе спаборнічаць, нягледзячы на аўтарытэты. "У групе разам з беларусамі сапернікі з Нідэрландаў і Германіі. Відавочна, што гэтыя дзве зборныя - фаварыты кваліфікацыі. Мы маем намер спаборнічаць супраць гэтых каманд за кошт зладжанай арганізацыі гульні. Вывучаем цяпер Нідэрланды, з якімі нам трэба будзе гуляць ужо 21 сакавіка, падказваем ігракам на трэніроўках, дзе мы можам згуляць лепш", - расказаў ён.

У ранейшым адборачным цыкле чэмпіянату Еўропы 2016 года беларускія футбалісты занялі чацвертае месца ў групе С, атрымаўшы тры перамогі і двойчы згуляўшы ўнічыю. Раней нацыянальная зборная Беларусі па футболе не прымала ўдзелу ў фінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы.

Зборная Беларусі трэніруецца ў Мінску з 16 сакавіка на базе тэхнічнага цэнтра АБФФ. Увечары 19 сакавіка каманда адправіцца ў Ротэрдам, дзе 21 сакавіка правядзе першы матч кваліфікацыйнай групы С супраць футбалістаў Нідэрландаў. Затым беларусы пераедуць у Белфаст, дзе 24 сакавіка згуляюць са зборнай Паўночнай Ірландыі.

Прадоўжыцца кваліфікацыя да Еўра-2020 у першы летні месяц бягучага года. Зборная Беларусі правядзе два дамашнія матчы: 8 чэрвеня ў "Барысаў-Арэне" з Германіяй, а 11 чэрвеня - з Паўночнай Ірландыяй.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі