Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
13 чэрвеня 2019, 14:26

Крывушэнка пакінуў пасаду галоўнага трэнера футбольнай зборнай Беларусі

13 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі Ігар Крывушэнка пакінуў сваю пасаду. Такое рашэнне было прынята сёння на сустрэчы кіраўніцтва АБФФ з трэнерскім штабам зборнай, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе футбольнай федэрацыі.

Першы намеснік старшыні АБФФ Юрый Вяргейчык падзякаваў Ігару Крывушэнку і яго асістэнтам за работу. Аднак вынікі матчаў кваліфікацыі Еўра-2020 аказаліся нездавальняючымі. Таму пасля чатырох паражэнняў запар было прынята рашэнне аб спыненні супрацоўніцтва паміж трэнерскім штабам і АБФФ па пагадненні бакоў. "Ігар Крывушэнка прыняў каманду ў цяжкі момант і змог зрабіць з ёй вялікі шлях, здабыўшы пуцёўку ў плэй-оф Лігі нацый. На жаль, вынікі ў адборачным турніры Еўра-2020 аказаліся не такімі, якіх чакалі балельшчыкі, эксперты і кіраўнікі федэрацыі. Разумеючы гэта, сумесна з галоўным трэнерам мы прыйшлі да высновы: зборнай патрэбны новы выклік", - адзначыў Юрый Вяргейчык.

Ігар Крывушэнка падзякаваў балельшчыкам і футбалістам за падтрымку, якая аказвалася трэнерскаму штабу на працягу ўсяго супрацоўніцтва са зборнай. "Разам перажывалі радасныя моманты перамог і горкія дні няўдач. Заставаліся камандай, што б ні адбывалася. На жаль, атрымалася рэалізаваць не ўсё, што задумвалася. Але я ўпэўнены, што зборную Беларусі чакае светлая будучыня", - сказаў спецыяліст.

Нацыянальную зборную таксама пакідаюць памочнікі галоўнага трэнера Алег Кузьмянок і Валерый Стрыпейкіс.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі