Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
15 лютага 2018, 19:58

Казека: у фінале беларускія фрыстайлісткі змогуць ускладніць скачкі

15 лютага, Пхёнчхан /Кар. БЕЛТА/. У фінальных выступленнях беларускія фрыстайлісткі змогуць ускладніць свае скачкі. Аб гэтым расказаў прэс-службе НАК галоўны трэнер беларускай каманды па фрыстайле Мікалай Казека, паведамляе БЕЛТА.

Дзве беларускі - алімпійская чэмпіёнка Сочы Ала Цупер і Ганна Гуськова - сёння паспяхова прайшлі адбор у фінал, які адбудзецца 16 лютага.

"Разбяром усе нашы скачкі ў кваліфікацыі, перагледзім выступленне кожнай. Пры неабходнасці беларускія фрыстайлісткі змогуць ускладніць праграму", - адзначыў Мікалай Казека.

Не прабілася ў вырашальную стадыю толькі Аляксандра Раманоўская. "На трэніроўцы ў Сашы няўдалы скачок атрымліваўся ідэальна. Аднак на стадыі кваліфікацыі выбылі і іншыя моцныя саперніцы. Аўстралійка Лідзія Ласіла - уладальніца залатога алімпійскага медаля і чэмпіёнка свету - не справілася са сваёй праграмай", - расказаў галоўны трэнер.

"У кваліфікацыі абодва скачкі былі запланаванымі, ніякага экспромта не было. Я была ўпэўнена, што пасля не зусім удалай першай спробы трэба супакоіцца і настроіцца адпаведным чынам. Забыць, што ты алімпійская чэмпіёнка, і стартаваць, як першы раз. Рада, што ў мяне гэта атрымалася. Бо для мяне Гульні ў Пхёнчхане - ужо шостая Алімпіяда. Аднойчы я ўжо ўпісала сваё імя ў алімпійскую гісторыю. Чаму б не паспрабаваць зрабіць гэта яшчэ раз", - сказала пасля кваліфікацыі Ала Цупер.

Ужо ў першай спробе задачу выхаду ў вырашальную стадыю выканала Ганна Гуськова. "Сур'ёзна настройвалася на вырашэнне задачы выхаду ў фінал. Крыху нервавалася перад стартам, але сабрала нервы ў кулак і зрабіла такі скачок, як і планавала", - расказала беларуская спартсменка.

Фінальныя спаборніцтвы ў лыжных акрабатаў пачнуцца 16 лютага ў 14.00 па беларускім часе. Тэлеканал "Беларусь 5" правядзе прамую трансляцыю, пачатак у 13.55.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі