Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
07 студзеня 2019, 20:11

Хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі перамагла ў XV Калядным турніры

7 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі перамагла ў XV Калядным міжнародным турніры аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі, выйграўшы ў фінале ў зборнай Расіі з лікам 8:5 (3:0, 4:3, 1:2), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Для каманд Беларусі і Расіі гэта быў ужо 13-ы вырашальны матч за 15 гадоў правядзення турніру. Хакейныя паядынкі гэтых дзвюх каманд заўсёды выклікалі павышаную цікавасць у гледачоў. Не стала выключэннем і сённяшняя гульня.

На старце першага перыяду беларусы двойчы паразілі вароты сапернікаў. Абаронцы расіян не ўсачылі за Яраславам Чупрысам, а праз некалькі секунд з перадачы Аляксандра Лукашэнкі перавагу ў ліку павялічыў Даніэль Корса - 2:0. Трэцюю шайбу гаспадары пляцоўкі закінулі пад канец першых дваццаці мінут гульні. Аляксандр Лукашэнка ад правага борта кінуў па варотах, а на пятачку шайбу, што адскочыла, падправіў у сетку першы віцэ-прэзідэнт НАК Андрэй Асташэвіч. Кіраўнік дзяржавы запісаў у свой актыў восьмую выніковую перадачу за час спаборніцтваў.

У другім перыядзе гаспадары пляцоўкі нарасцілі перавагу да чатырох шайбаў. Расійская каманда адказала галявым дублем Сяргея Аракаева - 4:2. Аднак у канцоўцы беларусы яшчэ тройчы паразілі вароты гасцей. Сёмую шайбу ў матчы ў вароты расіян закінуў пад канец перыяду Аляксандр Лукашэнка - 7:3.

У заключныя дваццаць мінут гульні каманда Прэзідэнта Беларусі пастаралася ўпэўнена згуляць у абароне і дабілася дванаццатай перамогі ў фінале Каляднага турніру. У актыве кіраўніка дзяржавы ў фінальным матчы гол і дзве выніковыя перадачы.

Лепшымі ігракамі вырашальнай гульні сталі Сяргей Аракаеў (Расія) і Ігар Брыкун (Беларусь). Прызы хакеістам уручыў міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук.

Абедзве каманды ўпэўнена выступілі на папярэдняй стадыі спаборніцтваў. Лядовая дружына кіраўніка дзяржавы абыграла сапернікаў з Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) - 13:7, Балтыі - 9:3. У паўфінале беларусы былі мацнейшыя за каманду ААЭ - 10:5.

Расійская каманда таксама атрымала тры перамогі: над Швейцарыяй - 9:0, Славакіяй - 4:1 - і ў 1/2 фіналу абыграла Фінляндыю - 5:2.

У час цырымоніі ўзнагароджання на Калядным турніры былі вызначаны лепшыя ігракі па амплуа. Прызы хакеістам уручыў Прэзідэнт Беларусі.

Лепшым варатаром прызнаны Аляксей Ягораў (Расія), абаронцам - Даніэль Корса (Беларусь), нападаючым - Тоні Макіяха (Фінляндыя), лепшым бамбардзірам турніру стаў Павел Белы (Беларусь).

Разам з дарослымі ігракамі прызы і медалі атрымлівалі і ўдзельнікі "Залатой шайбы": каманды "Грыфоны", "Сокал" і "Атлант", а лепшыя ігракі па амплуа атрымалі прызы з рук Аляксандра Лукашэнкі.

Бронзавымі прызёрамі Каляднага турніру сталі хакеісты Фінляндыі, якія ў матчы за трэцяе месца адолелі каманду Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў - 6:3.

Для хакейнай каманды Прэзідэнта Беларусі гэта ўжо 12-ы тытул пераможцы гэтых спаборніцтваў. Раней беларусы станавіліся першымі ў 2005, 2006, 2008, 2009, 2010, 2012, 2013, 2014, 2016, 2017 і 2018 гадах. Расійская каманда дзясяты раз заваявала сярэбраныя ўзнагароды, а яшчэ тройчы святкавала поспех на турніры ў 2007, 2011 і 2015 гадах.

Арганізатарамі спаборніцтваў з'яўляюцца Прэзідэнцкі спартыўны клуб, асацыяцыя "Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь", Міністэрства спорту і турызму, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі