Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
24 лістапада 2017, 12:15

Хакеісты "Шахцёра" перамаглі ў Маладзечне і ўмацавалі лідарства ў экстралізе

24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты "Шахцёра" перамаглі на выездзе "Дынама- Маладзечна" з лікам 2:1 (1:0, 0:1, 1:0) і ўмацавалі лідарства ў экстралізе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Гарнякі адкрылі лік на 9-й мінуце першага перыяду, рэалізаваўшы колькасную перавагу. Аўтарам гола стаў Давыд Ружычка. У другія дваццаць мінут сустрэчы прадстаўнікі Маладзечна значна прыбавілі ў скорасці, мелі нямала шанцаў, каб закінуць шайбу, але вызначыліся толькі аднойчы. На 27-й мінуце Ілья Летаў выйшаў сам-насам з галкіперам Максімам Малюціным і ўпэўнена перамог варатара - 1:1. Асноўны час матчу мог завяршыцца нічыйным рэзультатам. Толькі на 59-й мінуце быў устаноўлены канчатковы лік. "Шахцёр" у гэты момант дзейнічаў у большасці. Давыд Ружычка выйграў укідванне ў зоне дынамаўцаў, зрабіў перадачу на Віктара Андрушчанку, які застаўся без апекі абаронцаў і нанёс дакладны кідок. Варатар гаспадароў Міхаіл Карнавухаў, прызваны з асноўнага складу мінскага "Дынама" дапамагчы маладзечанцам, у гэтым эпізодзе не дапамог - 2:1.

Астатнія матчы тура завяршыліся з наступнымі рэзультатамі: "Брэст" - "Металург-Жлобін" - 1:3, "Магілёў" - "Гомель" - 0:7, "Ліда" - "Хімік" - 4:3 (у авертайме), "Нёман" - "Віцебск" - 6:0.

Турнірнае становішча: 1. "Шахцёр" - 56 ачкоў (20 матчаў). 2. "Юнацтва" - 51 (19). 3. "Гомель" - 44 (20). 4. "Нёман" - 42 (18). 5."Дынама-Маладзечна" - 34 (21). 6. "Беларусь U-20" - 32 (20). 7. "Металург" - 30 (20). 8. "Ліда" - 25 (21). 9. "Хімік" (Наваполацк) - 20 (21). 10. "Магілёў" - 15 (21). 11. "Віцебск" - 12 (21). 12. "Брэст" - 4 (21).

Чарговыя матчы ў экстралізе адбудуцца 25 лістапада.

Першы этап у экстралізе завершыцца 2 снежня гульнёй "Гомель" - "Нёман", пасля чаго 12 каманд будуць падзелены на дзве падгрупы ("А", "Б") і згуляюць у чатыры кругі. У першую ўвойдуць клубы, якія зоймуць месцы з першага па шостае, у другую - з сёмага па дванаццатае. Па выніках гэтай стадыі шэсць каманд падгрупы "А" і дзве лепшыя з падгрупы "Б" выступяць у плэй-оф экстралігі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі