Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
15 лістапада 2019, 19:10

Хакеісты "Нёмана" перамаглі "Данбас" у авертайме стартавага матчу Кантынентальнага кубка IIHF

15 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты гродзенскага "Нёмана" перамаглі ўкраінскі "Данбас" у авертайме стартавага матчу Кантынентальнага кубка IIHF. Сустрэча завяршылася з лікам 4:3 (2:0, 0:1, 1:2, 1:0 АТ), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сустрэча праходзіла з невялікай тэрытарыяльнай перавагай гродзенскай каманды. Падапечныя Сяргея Пушкова дабіліся поспеху ўжо на другой хвіліне. Арцём Ляўша трапіў у вароты галкіпера "Данбаса" Сцяпана Гарачэўскіх. На 10-й хвіліне гульні большасцю па-майстэрску скарыстаўся Ягор Сцяпанаў (2:0). Пасля перапынку хакеісты ўкраінскага клуба актывізаваліся і скарацілі розніцу ў ліку да мінімуму. Яўген Бялухін з перадачы Аляксандра Мацярухіна зрабіў лік 2:1 на карысць "Нёмана".

Драматычным атрымаўся трэці перыяд, які пачаўся з узяцця варот "Данбаса" нападаючым гродзенскай каманды Ігарам Варывончыкам. Яшчэ адну шайбу беларускага клуба не залічылі арбітры. Ігракі ўкраінскай каманды, зразумеўшы, што ім няма чаго губляць, пайшлі наперад і змаглі зраўнаваць лік сіламі Айнарса Пойдзіньша і Віктара Захарава.

Заключныя хвіліны трэцяга перыяду прайшлі пад кантролем "Нёмана", аднак трапіць у вароты сапернікаў яны не змаглі. Асноўны час матчу завяршыўся з лікам 3:3, і каманды чакаў авертайм у фармаце 3 на 3.

"Нёман" пачаў актыўна і вымусіў памыліцца іграка ўкраінскай каманды амерыканца Клэя Уілсана. Ён адправіўся адпачываць на дзве хвіліны, чым беларусы і скарысталіся. Пераможную шайбу закінуў Ягор Сцяпанаў, аформіўшы дубль.

За дзве пуцёўкі ў фінальны раўнд Кантынентальнага кубка IIHF, які пройдзе з 10 да 12 студзеня 2020 года, акрамя "Нёмана" і "Данбаса", спрачаюцца "Краковія" (Кракаў, Польшча) і "Бейбарыс" (Атырау, Казахстан). З чэмпіёнамі Казахстана беларусы згуляюць 16 лістапада ў 16.00, а з сярэбранымі медалістамі чэмпіянату Польшчы памераюцца сіламі 17 лістапада ў 17.00.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі