Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
10 лістапада 2017, 12:27

Футбалісты Харватыі і Швейцарыі перамаглі ў першых стыкавых матчах за выхад у фінал ЧС-2018

10 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першыя стыкавыя матчы за выхад у фінальную стадыю футбольнага чэмпіянату свету-2018 прайшлі ў Еўропе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У Заграбе футбалісты Харватыі прымалі каманду Грэцыі і ў першым тайме ўжо выйгравалі з лікам 3:1. Адразу пасля перапынку гаспадары забілі чацвёрты мяч, пасля чаго гулялі "па ліку" і не далі магчымасці гасцям нават скараціць адставанне. Перамога з лікам 4:1 практычна забяспечвае харватам выхад у фінальную стадыю сусветнага першынства.

Значна больш упартым стаў паядынак ў Белфасце, дзе зборная Паўночнай Ірландыі гуляла са Швейцарыяй. Лёс гэтай сустрэчы вырашыў адзіны гол: на 58-й мінуце абаронца швейцарцаў Рыкарда Радрыгес рэалізаваў пенальці - 1:0 на карысць гасцей. Сустрэчы ў адказ у гэтых парах пройдуць 12 лістапада ў Пірэі і Базелі.

Сёння адбудзецца яшчэ адзін паядынак - у Стакгольме былы сапернік беларусаў па адборачным турніры сусветнага першынства каманда Швецыі прыме футбалістаў Італіі. А 11 лістапада датчане ў Капенгагене будуць сапернічаць з ірландцамі. У гэтых процістаяннях матчы ў адказ пройдуць 13 лістапада ў Мілане і 14 лістапада ў Дубліне.

На іншых кантынентах таксама адбудуцца матчы за пуцёўкі ў Расію-2018: Гандурас - Аўстралія (10 і 15 лістапада), Новая Зеландыя - Перу (11 і 15 лістапада).

Ужо вядомы 23 удзельнікі фінальнай часткі сусветнага першынства: Расія, Англія, Бельгія, Германія, Ісландыя, Іспанія, Польшча, Партугалія, Сербія, Францыя, Аргенціна, Бразілія, Егіпет, Іран, Калумбія, Коста-Рыка, Мексіка, Нігерыя, Панама, Саудаўская Аравія, Уругвай, Рэспубліка Карэя, Японія. Яшчэ тры ўдзельнікі вызначацца ў лістападзе пасля заканчэння адборачнага турніру ў Афрыцы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі