21 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адбыліся чарговыя паядынкі першага раўнда 1/8 фіналу футбольнай Лігі чэмпіёнаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Цэнтральны паядынак гульнявога дня прайшоў у Лондане, дзе адзін з фаварытаў англійскай прэм'ер-лігі "Чэлсі" прымаў безагаворачнага лідара іспанскага чэмпіянату "Барселону". Сустрэча двух еўрапейскіх грандаў завяршылася ўнічыю - 1:1. Абодва мячы былі забіты ў другім тайме: на 62-й хвіліне гульні Віліян вывеў гаспадароў наперад, а праз 15 хвілін Месі зраўнаваў рэзультат.
У Мюнхэне галоўныя фаварыты нямецкай бундэслігі футбалісты "Баварыі" сустракаліся з турэцкім "Бешыкташам" са Стамбула і не пакінулі гасцям ніводнага шанцу - 5:0.
Сустрэчы ў адказ у гэтых парах пройдуць 14 сакавіка ў Барселоне і Стамбуле.
Два заключныя матчы першай стадыі 1/8 фіналу чэмпіёнскай Лігі пройдуць позна вечарам 21 лютага. Чэмпіён Украіны данецкі "Шахцёр" у Харкаве прыме італьянскую "Рому", а іспанская "Севілья" ў сябе дома сустрэнецца з англійскім клубам "Манчэстэр Юнайтэд".
На мінулым тыдні два прадстаўнікі Англіі практычна гарантавалі сабе месца ў чвэрцьфінале ЛЧ, атрымаўшы вікторыі ў выязных гульнях. Лідар прэм'ер-лігі "Манчэстэр Сіці" разграміў швейцарскі "Базель" з лікам 4:0, а "Ліверпуль" не пакінуў шанцаў партугальскаму "Порту" - 5:0. Дзеючы пераможца Лігі чэмпіёнаў мадрыдскі "Рэал" перайграў на сваім полі французскі "Пары Сен-Жэрмен" - 3:1, а ў Турыне фіналіст мінулага розыгрышу "Ювентус" разышоўся мірам з лонданскім "Тотэнхэмам" - 2:2.-0-