Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
14 жніўня 2018, 11:18

Футбалісты БАТЭ згуляюць з "Карабахам" у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў

14 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты барысаўскага БАТЭ сёння правядуць паядынак у адказ 3-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў супраць "Карабаха" з Агдама. Гульня на полі "Барысаў-Арэны" пачнецца ў 20.00, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сустрэчу паміж чэмпіёнамі Беларусі і Азербайджана будзе судзіць брыгада арбітраў з Латвіі на чале з Андрысам Трэйманісам. Тыдзень таму сапернікі сустракаліся ў Баку і тады барысаўчане ўзялі верх з мінімальнай перавагай 1:0. Адзіны гол правёў Станіслаў Драгун, які вызначыўся на 36-й хвіліне гульні. Напярэдадні сённяшняй сустрэчы ў Барысаве галоўны трэнер гаспадароў Аляксей Бага адзначыў, што мінімальная перамога ў першай гульні - вынік вельмі зыбкі. Усё вырашыцца ў другім паядынку, які будзе вельмі цяжкім для абедзвюх каманд. Што датычыцца складу, то па-ранейшаму пад вялікім сумненнем удзел у матчы Міхаіла Гардзейчука, які яшчэ не да канца аднавіўся пасля траўмы, а вось Неманья Мілунавіч ужо гатовы гуляць.

Настаўнік "Карабаха" Гурбан Гурбанаў сказаў, што яго падапечныя гатовы паказаць свае самыя лепшыя якасці, каб дабіцца добрага выніку ў гульні з БАТЭ.

Прамая трансляцыя з Барысава пачнецца ў 19.50 на тэлеканале "Беларусь 5". Пераможца двухматчавай дуэлі паміж БАТЭ і "Карабахам" у барацьбе за выхад у групавы этап ЛЧ двойчы сустрэнецца з чэмпіёнам Нідэрландаў ПСВ з Эйндховена. Каманда, якая прайграе, выступіць у групе другога па рангу кантынентальнага турніру - Лігі Еўропы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі