8 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты БАТЭ атрымалі перамогу над "Карабахам" з лікам 1:0 у выязным матчы 3-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У Баку на стадыёне імя Тофіка Бахрамава беларуская каманда тактычна разумна правяла сустрэчу з роўным па сілах сапернікам. У першым тайме клуб з Азербайджана часцей кантраляваў мяч, аднак падапечныя Аляксея Багі ўдачна контратакавалі. На 29-й мінуце выдатны шанц забіць мяч упусціў форвард БАТЭ Мікалай Сігневіч, які з вострага вугла, знаходзячыся ў межах штрафной плошчы "Карабаха", прабіў крыху вышэй за перакладзіну. Аднак яшчэ да перапынку БАТЭ адкрыў лік. На 36-й мінуце Ігар Стасевіч аддаў дакладную перадачу на ход Мікалаю Сігневічу, які прайшоў па правым фланзе і зрабіў навес у штрафную плошчу. Перадачу партнёра дакладным ударам галавой замкнуў Станіслаў Драгун - 1:0.
Пасля адпачынку футбалісты БАТЭ некалькі разоў небяспечна пагражалі варотам "Карабаха", але вызначыцца другім голам не змаглі. Гаспадары поля спрабавалі перахапіць ініцыятыву, аднак упэўнена дзейнічаў галкіпер беларусаў Дзяніс Шчарбіцкі.
Матч у адказ кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў БАТЭ - "Карабах" адбудзецца ў "Барысаў-Арэне" 14 жніўня. Пераможца гэтага процістаяння ў плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў за выхад у групавую стадыю турніру згуляе з галандскім ПСВ з Эйндхавена.-0-