Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
02 мая 2019, 11:04

Дубль Месі дапамог "Барселоне" разграміць "Ліверпуль" у 1/2 фіналу ЛЧ

2 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты іспанскай "Барселоны" разграмілі англійскі "Ліверпуль" у дамашнім матчы 1/2 фіналу Лігі чэмпіёнаў - 3:0, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Гульню на полі барселонскага "Камп Ноу" госці пачалі вельмі актыўна і вымусілі гаспадароў абараняцца. Лідар атак "Ліверпуля" Махамед Салах і яго партнёры стварылі некалькі небяспечных сітуацый каля варот, але поспеху не дабіліся.

Паступова Ліянэль Месі разам з таварышамі ўзялі гульню пад свой кантроль, і ў сярэдзіне тайма "Барса" выйшла наперад. На 26-й хвіліне вострую перадачу Жорзі Альбы з левага фланга замкнуў Луіс Суарэс. Прапусціўшы гол, ліверпульцы правялі нямала атак, аднак яны так і не прывялі да ўзяцця варот. Барселонцы не збіраліся адседжвацца ў абароне, гулялі ў высокім тэмпе, каб павялічыць сваю перавагу, але да перапынку лік не змяніўся. Другі тайм прайшоў па тым жа сцэнарыі: хвілін 20 дамінавалі падапечныя Юргена Клопа, але зноў не рэалізавалі свае галявыя моманты. А на 75-й хвіліне гульні гаспадары правялі хуткую контратаку і Ліянэль Месі дабіў мяч у вароты. Яшчэ праз 7 хвілін аргенцінец зноў праявіў сваё высокае майстэрства, добра выканаўшы штрафны ўдар - 3:0. Гэта ўжо 12-ы гол лепшага снайпера цяперашняга сезона чэмпіёнскай Лігі. Тут жа Махамед Салах мог скараціць разрыў, але мяч пасля яго ўдару трапіў у стойку варот. Сустрэча ў адказ пройдзе 7 мая на ліверпульскім "Энфілдзе".

8 мая ў Амстэрдаме на "Ёхан Кройф Арэне" галандскі "Аякс" згуляе з англійскім "Тотэнхэмам". Іх сустрэча ў Лондане завяршылася мінімальнай перамогай "Аякса" - 1:0.

Вырашальны матч Лігі чэмпіёнаў адбудзецца 1 чэрвеня на полі мадрыдскага стадыёна.

Сёння вечарам адбудуцца першыя паўфінальныя паядынкі другога па рангу кантынентальнага турніру - Лігі Еўропы: "Айнтрахт" (Франкфурт, Германія) - "Чэлсі" (Лондан, Англія), "Арсенал" (Лондан, Англія) - "Валенсія" (Іспанія).-0-

Фота УЕФА

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі