Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
26 сакавіка 2018, 12:29

Домрачава: выдатнае завяршэнне няпростага сезона

26 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выдатнае завяршэнне няпростага сезона. Такое меркаванне выказала на прэс-канферэнцыі пасля пераможнай гонкі з масавага старту на заключным этапе Кубка свету па біятлоне ў Цюмені Дар'я Домрачава, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Беларуская біятланістка расказала, як ёй удалося апярэдзіць чатырох саперніц пасля заключнай стральбы. "Адставанне было не такім вялікім. На апошніх метрах сабралася. Выйграла ў Цюмені дзве гонкі (спрынт і мас-старт). Цудоўны вынік! Аднак заўсёды можна лепш. Напрыклад, у агульным заліку заняла трэцяе месца, а хацелася першае", - падзялілася Дар'я Домрачава.

Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка запэўніла, што са старту сезона была ў нядрэннай форме, але ёй давялося памяняць марку лыж. "У сезоне было нямала цяжкасцей, праз якія давялося прайсці. Цяпер адправімся з Уле-Эйнарам Б'ёрндаленам у Нарвегію, дзе будзем у лёгкім рэжыме катацца на лыжах, праводзіць шчаслівыя сямейныя дні", - адзначыла беларуска.

Дар'я Домрачава па колькасці перамог у Кубках свету за кар'еру зраўнавалася з нямецкай біятланісткай Магдаленай Нойнер - у абедзвюх па 34 вікторыі. Адрэзак пасля Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане для лідара зборнай Беларусі аказаўся вельмі паспяховым у сезоне. На сёмым этапе Кубка свету ў Контыялахты ёй удалося перамагчы ў спрынце, праз тыдзень чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка заняла другое месца ў спрынце і святкавала поспех у напружанай гонцы праследавання ў нарвежскім Холменколене, а завяршыла дзвюма перамогамі ў Цюмені. Дзякуючы высокім рэзультатам беларуска завяршыла сезон на трэцім месцы ў агульным заліку Кубка свету.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі