Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
16 жніўня 2017, 10:41

Буфон, Месі і Раналду прэтэндуюць на званне лепшага футбаліста Еўропы-2016/17

16 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Толькі тры футбалісты засталіся ў спісе прэтэндэнтаў на званне лепшага іграка Еўропы сезона 2016/17 па версіі Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У шорт-ліст увайшлі галкіпер італьянскага "Ювентуса" Джанлуіджы Буфон, аргенцінскі форвард іспанскай "Барселоны" Ліянэль Месі і партугальскі нападаючы мадрыдскага "Рэала" Крышціяну Раналду. Гэты спіс быў вызначаны па выніках галасавання 80 трэнераў клубаў, якія гулялі ў мінулым сезоне ў Лізе чэмпіёнаў і Лізе Еўропы, а таксама 55 журналістаў з усіх краін, якія ўваходзяць ва УЕФА.

На ўзнагароду лепшаму футбалісту Еўропы прэтэндуюць ігракі, якія правялі мінулы сезон у еўрапейскім клубе. Улічваюцца матчы за клуб і зборную на ўнутранай і міжнароднай арэнах, прычым нацыянальнасць ігракоў значэння не мае.

Раней Месі і Раналду па два разы прызнаваліся лепшымі футбалістамі Старога Свету, а Буфон яшчэ ні разу не атрымліваў гэты прыз.

Узнагарода чарговага лаўрэата еўрапейскага сезона будзе ўручана 24 жніўня ў Манака ў час жараб'ёўкі групавога этапу Лігі чэмпіёнаў-2017/18. У гэты ж дзень стануць вядомы ўладальнікі новых прызоў УЕФА - лепшыя ігракі Лігі чэмпіёнаў па амплуа (варатар, абаронца, паўабаронца, нападаючы).

На наступны дзень, 25 жніўня, у час жараб'ёўкі групавога раўнда Лігі Еўропы будзе названы лепшы футбаліст гэтага турніру мінулага сезона. На прыз прэтэндуюць тры прадстаўнікі англійскага клуба "Манчэстэр Юнайтэд": шведскі форвард Златан Ібрагімавіч, французскі паўабаронца Поль Пагба і яго армянскі калега па амплуа Генрых Мхітаран.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі