Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
26 жніўня 2019, 09:15

Беларусы заваявалі 14 узнагарод на ЧС па веславанні на байдарках і каноэ і сталі лепшымі ў агульнакамандным медальным заліку

26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія спартсмены заваявалі 14 узнагарод на чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ ў венгерскім Сегедзе і разам са зборнай Германіі сталі лепшымі ў агульнакамандным медальным заліку, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У скарбонцы каманды Уладзіміра Шантаровіча 6 залатых медалёў. Двойчы на вышэйшую прыступку п'едэстала гонару паднімаўся экіпаж жаночай байдаркі-двойкі Марына Літвінчук / Вольга Худзенка (200 м і 500 м). Таксама чэмпіёнамі планеты сталі Алена Наздрова (каноэ-адзіночка, 500 м), Вольга Клімава (каноэ-адзіночка, 5000 м), Алег Юрэня (байдарка-адзіночка, 5000 м) і экіпаж мужчынскай байдаркі-двойкі Станіслаў Дайнека / Дзмітрый Натынчык (500 м).

Сярэбраныя ўзнагароды заваявалі: Мікіта Борыкаў (байдарка-адзіночка, 500 м), Арцём Козыр (каноэ-адзіночка, 200 м), Вольга Худзенка (байдарка-адзіночка, 500 м), экіпаж жаночай байдаркі-чацвёркі Марына Літвінчук, Вольга Худзенка, Надзея Папок, Маргарыта Махнёва (500 м).

Уладальнікамі бронзы сталі: Марына Літвінчук (байдарка-адзіночка, 5000 м), Алена Наздрова (каноэ-адзіночка, 200 м), жаночы экіпаж каноэ-двойкі Вольга Клімава-Надзея Макарчанка (500 м), мужчынскі экіпаж каноэ-чацвёркі Андрэй Багдановіч, Яўген Тэнгель, Максім Крысько, Віталь Асецкі (500 м).

Па 14 узнагарод у Сегедзе заваявалі зборныя Беларусі (6, 4, 4) і Германіі (6, 7, 1). У гаспадароў сусветнага першынства венграў 13 медалёў (6, 4, 3), у весляроў Вялікабрытаніі 8 узнагарод (4, 2, 2).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі