Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
21 кастрычніка 2016, 14:33

Беларусы Самсонаў, Ханін і Паўловіч выйшлі ў 1/16 фіналу ЧЕ па настольным тэнісе

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тры прадстаўнікі Беларусі паспяхова правялі паядынкі першага раўнда асноўнага этапу чэмпіянату Еўропы па настольным тэнісе ў Будапешце, выйшаўшы ў 1/16 фіналу адзіночнага разраду, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У спаборніцтвах мужчын лідар беларускай зборнай Уладзімір Самсонаў, які займае 9-е месца ў сусветным рэйтынгу, у 1/32 фіналу перамог швейцарца Эліа Шміда (297-ы нумар сусветнага рэйтынгу) з лікам 4:1. Наступным сапернікам Самсонава будзе швед Маціяс Карлсан (42). Малады беларускі майстар малой ракеткі Аляксандр Ханін (243) у першым раўндзе зрабіў сапраўдную сенсацыю, узяўшы верх над вядомым чэшскім тэнісістам Томашам Конечным (67) - 4:3. У матчы за выхад у 1/8 фіналу беларуса чакае сустрэча з лідарам шведскай каманды Крысціянам Карлсанам (29). Яшчэ адзін беларускі спартсмен Павел Платонаў (159) у 1/32 фіналу прайграў расіяніну Аляксандру Шыбаеву (26) - 2:4. Затое ў мужчынскім парным разрадзе Платонаў разам з Самсонавым абыграў расійскі тандэм Шыбаеў / Кірыл Скачкоў з лікам 4:3 і выйшаў у 1/8 фіналу. Там беларускі дуэт будзе сапернічаць з інтэрнацыянальнай парай Патрык Францыска (Германія) / Джонатан Грот (Данія).

У жаночым адзіночным разрадзе беларуска Вікторыя Паўловіч (51) узяла верх над полькай Наталляй Баёр (164) - 4:2 і ў 1/16 фіналу сустрэнецца з Марыяй Ксіяа з Іспаніі. Яшчэ дзве беларускія тэнісісткі не змаглі пераадолець першы бар'ер асноўнай сеткі - Аліна Арлоўская (190) прайграла прадстаўніцы Турцыі Мелек Ксю (27) - 0:4, а Дар'я Трыгалас (208) уступіла Джыа Лю (21) з Аўстрыі - 1:4.

35-е кантынентальнае першынство завершыцца ў венгерскай сталіцы 23 кастрычніка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі