Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
19 сакавіка 2019, 15:04

Беларускія лучнікі будуць імкнуцца паўтарыць у Мінску поспех выступлення на I Еўрапейскіх гульнях

19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія лучнікі будуць імкнуцца паўтарыць у Мінску поспех выступлення на I Еўрапейскіх гульнях у Баку, але зрабіць гэта будзе складана, заявіла сёння журналістам галоўны трэнер зборнай Беларусі па стральбе з лука Кацярына Цімафеева ў прэс-цэнтры выдавецкага дома "Беларусь сегодня", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На I Еўрапейскіх гульнях у сталіцы Азербайджана беларускія лучнікі парадавалі балельшчыкаў, заваяваўшы два медалі: у жаночых камандных спаборніцтвах - серабро, а ў турніры сярод мужчын - бронзу.

Кацярына Цімафеева падкрэсліла, што на дамашнім мультыспартыўным форуме пастаўлена задача выступіць на высокім узроўні. "Мы будзем імкнуцца паўтарыць рэзультат I Еўрапейскіх гульняў, - сказала яна. - Як і ў 2015 годзе, лідары зборнай па стральбе з лука ранейшыя: Антон Прылепаў і Ганна Марусава, якая знаходзіцца ў добрай форме і паказвае высокія рэзультаты. На чэмпіянаце Еўропы ў закрытых памяшканнях у сакавіку нашы дзяўчаты сталі чацвёртымі, што сведчыць аб значным патэнцыяле на летні сезон".

Адзін з лідараў мужчынскай зборнай Павел Далідовіч адзначыў, што за месца ў складзе (тры лучнікі) будзе сур'ёзная канкурэнцыя. "На мой погляд, прыкладна дзесяць атлетаў у мужчынскай зборнай цяпер прэтэндуюць на тое, каб трапіць у склад. Спадзяёмся, такая канкурэнцыя дасць магчымасць адабрацца на Еўрапейскія гульні лепшым", - дадаў спартсмен.

Паводле слоў галоўнага трэнера зборнай, яшчэ не вызначыліся з канчатковым складам і ў жанчын. "Разам з вопытнымі спартсменкамі ў нас ёсць таленавітая моладзь. Напрыклад, Карына Казлоўская, якая ўжо ўваходзіць у асноўны склад нацыянальнай каманды, можа паказаць высокі рэзультат. Цяпер пачнецца летні сезон, і на турнірах 4-7 красавіка ў Турцыі, Гран-пры ў Бухарэсце, а таксама майскім этапе Кубка свету ў Антальі вызначымся канчаткова са складам", - сказала Кацярына Цімафеева.

На яе думку, на II Еўрапейскіх гульнях асноўнымі канкурэнтамі беларусаў будуць каманды Расіі, Нідэрландаў і Украіны.

Тэставы турнір па стральбе з лука перад спаборніцтвамі ў чэрвені ў спарткомплексе "Алімпійскі" пройдзе ў час чэмпіянату Беларусі 2-5 мая. "Праверым расстаноўку мішэней, магчыма, прыедзе галоўны суддзя з еўрапейскай федэрацыі, які ўнясе свае рэкамендацыі перад пачаткам турніру на Еўрапейскіх гульнях. З тэхнічнага боку мы падрыхтаваны, і арганізаваць стрэльбішча на футбольным полі ў "Алімпійскім" не цяжка", - падкрэсліў старшыня Федэрацыі стральбы з лука Сяргей Шчамялёў.

У летнім сезоне 2019 года ў беларускіх лучнікаў два найбольш важныя старты: з 9 па 16 чэрвеня пройдзе чэмпіянат свету ў Нідэрландах, дзе будуць разыграны алімпійскія ліцэнзіі, і ІІ Еўрапейскія гульні ў Мінску, дзе пераможца таксама атрымае пуцёўку ў Токіа-2020.

Стральба з лука ўваходзіць у праграму II Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Спаборніцтвы па гэтым відзе спорту пройдуць з 21 па 27 чэрвеня ў спартыўна-аздараўленчым комплексе "Алімпійскі". Атлеты разыграюць 8 камплектаў медалёў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі