7 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія батутысты заваявалі дзве ўзнагароды на праведзеным у Вальядалідзе (Іспанія) этапе Кубка свету, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Беларускай асацыяцыі гімнастыкі.
Старт меў кваліфікацыйны статус да Алімпійскіх гульняў у Токіа і сабраў 300 спартсменаў з 37 краін.
Золата ў самым прэстыжным відзе праграмы, індывідуальных скачках, выйграў Уладзіслаў Ганчароў. У фінале ён зарабіў ацэнку 61,445 бала і апярэдзіў прынцыповага саперніка - Гаа Лея з Кітая.
У сінхронных скачках бронзу заваявалі Іван Літвіновіч і Мікіта Фомчанка, для якога гэта быў дэбют на этапах Кубка свету. Вынік беларусаў - 50,390 бала. Апярэдзіць іх змаглі толькі канкурэнты з Канады і Японіі.-0-