Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
25 чэрвеня 2019, 16:31

Беларускі веласіпедыст Васіль Кірыенка выйграў гонку з раздзельным стартам на II Еўрапейскіх гульнях

25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі веласіпедыст Васіль Кірыенка стаў чэмпіёнам II Еўрапейскіх гульняў, выйграўшы індывідуальную шашэйную гонку з раздзельным стартам. На гульнях у Баку-2015 ён таксама быў чэмпіёнам у гэтай дысцыпліне, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння беларус стартаваў у першай групе ўдзельнікаў і прайшоў дыстанцыю працягласцю 28,6 км за 33 мін. 03,34 сек. Пасля фінішу гонкі Васіль Кірыенка адзначыў, што даўно не выступаў на вялікіх турнірах і сённяшні медаль стаў добрым падарункам да дня нараджэння - 28 чэрвеня яму споўніцца 38 гадоў.

Другое месца сёння заняў партугалец Нэльсан Алівейра (33 мін. 31,82 сек.), бронза ў чэха Яна Барты (33 мін. 40,47 сек.). Яшчэ адзін беларускі велагоншчык Браніслаў Самойлаў заняў 15-е месца (35 мін. 25,84 сек.).

У сённяшняй жаночай індывідуальнай гонцы беларуска Алена Амялюсік была блізкая да прызавой тройкі, але ў выніку апынулася на пятым месцы. Яе сяброўка па камандзе Таццяна Шаракова, якая заваявала бронзу ў групавой гонцы, сёння замкнула першую дзясятку.

Мужчынская гонка з раздзельным стартам завяршыла шашэйную праграму веласіпедыстаў на II Еўрапейскіх гульнях у Мінску. У чацвер, 27 чэрвеня, веладром "Мінск-Арэны" прыме першыя старты трэкавых велагонак.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі