16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская тэнісістка Вера Лапко паспяхова пераадолела кваліфікацыйны бар'ер і выйшла ў асноўную сетку Кубка Крамля, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння ў вырашальным паядынку кваліфікацыі Лапко, якая займае 167-е месца ў сусветным рэйтынгу, перамагла прадстаўніцу Аўстраліі Арыну Радзівонаву, у якой 122-я пазіцыя, - 6:4, 6:3. Яшчэ адна беларуска Аляксандра Сасновіч (100-е месца ў рэйтынгу WTA) была вызвалена ад удзелу ў кваліфікацыі і сёння ў першым раўндзе асноўнага турніру сустрэнецца з венгерскай тэнісісткай Тымеяй Бабаш (45).
У мужчынскім парным разрадзе паспяхова стартавалі беларус Андрэй Васілеўскі і чыліец Ханс Падліпнік-Кастылья, якія перамаглі сёння італьянска-літоўскі тандэм Андрэас Сепі / Рыкардас Беранкіс - 6:2, 6:4. Ветэран беларускага тэніса Максім Мірны і аўстрыец Філіп Освальд, пасеяныя пад першым нумарам, у першым крузе згуляюць з сербскай парай Душан Лаявіч / Філіп Краінавіч.
Турнір у расійскай сталіцы, агульны прызавы фонд якога складае $1,6 млн, завершыцца 22 кастрычніка.-0-