Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
16 лютага 2018, 18:06

Беларуская канькабежка Марына Зуева заняла 7-е месца на алімпійскай дыстанцыі 5000 м

16 лютага, Пхёнчхан /Кар. БЕЛТА/. Беларуская спартсменка Марына Зуева заняла 7-е месца ў алімпійскіх спаборніцтвах па канькабежным спорце на дыстанцыі 5000 м, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Рэзультат беларускі - 7 мін. 04,41 сек. Дэбютантцы Гульняў Марыне Зуевай удаўся прагрэс у яе алімпійскіх рэзультатах: на дыстанцыі 3000 м яна была 11-й, а на 1500 м пасля парушэнняў правіл падпала пад дыскваліфікацыю.

У сённяшніх спаборніцтвах на алімпійскім авале беларуская канькабежка ўступіла пераможцы 14,18 сек. Залатая ўзнагарода чарговы раз трапіла ў скарбонку зборнай Нідэрландаў. Лепшую скорасць на дыстанцыі паказала Эсме Вісер (рэзультат - 6 мін. 50,23 сек.).

Толькі сярэбранай узнагародай на гэты раз здаволілася адна з найбольш тытулаваных канькабежак сучаснасці чэшка Марціна Саблікава (+1,62 сек.). Бронза дасталася прадстаўніцы каманды алімпійскіх атлетаў з Расіі Наталлі Варонінай (+3 мін. 75 сек.). У цэлым барацьбу за месцы на п'едэстале гонару сёння вялі 12 спартсменак.

Марына Зуева на Гульнях у Пхёнчхане таксама плануе выступаць у мас-старце. Да ўдзелу ў гэтай жа дысцыпліне рыхтуецца і яе калега па беларускай зборнай Таццяна Міхайлава. У мужчынскіх алімпійскіх спаборніцтвах па скорасным бегу на каньках Беларусь прадставяць Віталь Міхайлаў і Ігнат Галавацюк.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі