Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
03 кастрычніка 2018, 19:31

Беларуская дэлегацыя адправілася на III Юнацкія Алімпійскія Гульні

3 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урачыстыя праводзіны беларускай дэлегацыі на III Юнацкія Алімпійскія Гульні адбыліся ў НАК Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Мінспорту.

Першы віцэ-прэзідэнт НАК Андрэй Асташэвіч зачытаў удзельнікам спаборніцтваў прывітанне кіраўніка дзяржавы, прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандра Лукашэнкі. "Памятайце, абараняць спартыўную славу Беларусі - вялікі гонар. Перакананы, што вы пацвердзіце высокі ўзровень айчыннай сістэмы падрыхтоўкі атлетаў і дастойна прадставіце сваю Радзіму на юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Аргенціне", - гаворыцца ў прывітанні. Прэзідэнт НАК выказаў надзею, што Гульні шырока расчыняць перад маладымі беларускімі атлетамі дзверы ў спорт вышэйшых дасягненняў і стануць яркім пачаткам кар'еры.

Намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Баравуля пажадаў камандзе ўдачы і поспехаў на шляху да запаветных мэт. "Шчыра спадзяёмся, што ўпартасць, мэтанакіраванасць, сіла волі, працавітасць дапамогуць вам перамагчы", - сказаў намеснік міністра.

У склад беларускай каманды ўвайшлі 37 спартсменаў і 18 трэнераў. Беларускія атлеты выступяць у 16 відах спорту (акрабатыка, жаночая барацьба, гімнастыка спартыўная, гімнастыка мастацкая, веславанне на байдарках і каноэ, веславанне акадэмічнае, дзюдо, лёгкая атлетыка, сучаснае пяцібор'е, стральба з лука, стральба кулявая, тэніс, настольны тэніс, парусны спорт, плаванне, скачкі на батуце). Многія з тых, хто адправіўся ў Буэнас-Айрэс, падымаліся ўжо на п'едэсталы гонару буйных міжнародных спаборніцтваў. Сярод галоўных прэтэндэнтаў на медалі Настасся Шкурдай (плаванне), Ганна Каменшчыкава (гімнастыка мастацкая), Іван Літвіновіч (скачкі на батуце), Аляксей Аляксандровіч і Ганна Зубкова (лёгкая атлетыка), Ксенія Дзібук і Наталля Варакіна (барацьба вольная), Іван Брынза (веславанне акадэмічнае), Арцём Коласаў (дзюдо), Кацярына Эціна (сучаснае пяцібор'е), Надзея Багданава (настольны тэніс).

ІІІ летнія Юнацкія Алімпійскія гульні ў Буэнас-Айрэсе пройдуць з 6 па 18 кастрычніка. Першым спаборніцкім днём для нашых спартсменаў стане 7 кастрычніка. У гэты дзень выступяць прадстаўнікі паруснага спорту, спартыўнай гімнастыкі, акрабатыкі, веславання акадэмічнага, дзюдо, тэніса, настольнага тэніса і плавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі