Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
13 сакавіка 2018, 11:01

Беларус Юрый Голуб заваяваў залаты медаль у біятлоне на Паралімпіядзе ў Пхёнчхане

13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларус Юрый Голуб заваяваў залаты медаль у біятлоне ў катэгорыі В3 для спартсменаў з парушэннямі зроку на XII зімовых Паралімпійскіх гульнях у Пхёнчхане, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Дыстанцыю на 12,5 км з чатырма агнявымі рубяжамі ён пераадолеў за 39 мін 23,7 сек. Сярэбраным прызёрам стаў украінец Аляксандр Казік - +2,7 сек. Трэцяе месца заняў яшчэ адзін прадстаўнік Украіны - Юрый Уткін (+56,2 сек).

У спаборніцтвах на 12,5 км для спартсменаў са слабым зрокам прыняў удзел і беларус Васіль Шапцябой, які заняў шостае месца, уступіўшы Юрыю Голубу 2 мін 57,7 сек.

Для Юрыя Голуба залаты медаль у біятлоннай гонцы на 12,5 км - трэцяя ўзнагарода на Паралімпіядзе ў Пхёнчхане. Раней ён заваяваў серабро ў лыжнай гонцы на 20 км у катэгорыі В3 для спартсменаў з парушэннямі зроку і стаў другім у біятлонным спрынце на 7,5 км.

Сёння ў Пхёнчхане прадстаўнікі беларускай каманды прынялі ўдзел у спаборніцтвах па біятлоне для атлетаў з парушэннем апорна-рухальнага апарату. Беларуска Лідзія Графеева, якая заваявала 10 сакавіка бронзавы медаль у гонцы на 6 км, завяршыла выступленне на 10-кіламетровай дыстанцыі пятай. Пераможцай стала Андрэа Эскау з Германіі. У спаборніцтвах сярод мужчын на 12,5 км чэмпіёнам Паралімпіяды стаў украінец Тарас Рад, які не дапусціў ні аднаго промаху на чатырох агнявых рубяжах. Капітан беларускай паралімпійскай каманды Дзмітрый Лобан размясціўся на шостым радку падагульняючага пратакола, яго партнёр па зборнай Яўген Лук'яненка заняў восьмае месца.

Паралімпіяда ў Пхёнчхане для айчынных атлетаў прадоўжыцца 14 сакавіка выступленнем у лыжным спрынце ў мужчын і жанчын.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі