15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першымі паўфіналістамі розыгрышу Кубка Беларусі сталі футбалісты "Іслачы", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Учора ў чвэрцьфінальным паядынку ў адказ, які адбыўся на полі ФК "Мінск", падапечныя Віталя Жукоўскага сенсацыйна абыгралі 15-разовага чэмпіёна краіны барысаўскі БАТЭ з лікам 1:0. Пераможны гол эфектным ударам на 32-й мінуце сустрэчы забіў Дзмітрый Камароўскі. У першай гульні ў "Барысаў-Арэне" гэтыя сапернікі не выявілі пераможцу, завяршыўшы сустрэчу ўнічыю - 1:1.
Сёння адбудуцца яшчэ два матчы 1/4 фіналу, прычым абодва пройдуць у Бабруйску на стадыёне імя Аляксандра Пракапенкі. У 13.00 футбалісты "Слуцка" сустрэнуцца з мінскім "Дынама", якому ўступілі ў першай сустрэчы з лікам 0:2, а ў 17.30 прадстаўнік першай лігі нацыянальнага першынства бабруйская "Белшына" паспрабуе рэабілітавацца за разгромнае паражэнне ў Салігорску ад мясцовага "Шахцёра" (0:5).
Заключны чвэрцьфінальны паядынак адбудзецца 16 сакавіка ў Гомелі. Яшчэ адзін клуб з першай лігі мясцовы "Лакаматыў" згуляе з футбалістамі "Віцебска". У першай сустрэчы віцябчане з цяжкасцю адолелі сапернікаў на сваім полі - 1:0. Для віцебскіх футбалістаў цяперашні кубкавы розыгрыш асаблівы, бо яго вырашальны паядынак пройдзе ў іх родным горадзе, перамога ў ім дасць магчымасць прыняць удзел у кваліфікацыі Лігі Еўропы.-0-
Фота ФК "Іслач"