Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
18 мая 2018, 14:01

Баскетбалісты магілёўскага "Барысфена" ўпершыню выйшлі ў фінал чэмпіянату Беларусі

18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фінальная серыя мужчынскага чэмпіянату Беларусі па баскетболе, у якой згуляюць "Цмокi-Мiнск" і магілёўскі "Барысфен", стартуе сёння на пляцоўцы "драконаў", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Калі для мінчан выступленне ў вырашальных паядынках за золата прывычная справа (9 папярэдніх сезонаў яны нязменна станавіліся трыумфатарамі), то магілёўская дружына ўпершыню будзе аспрэчваць чэмпіёнскі тытул. Баскетбалісты "Барысфена" ў паўфінальнай серыі да трох перамог здолелі перамагчы сапернікаў з "Гродна-93" - 3:2. У пятым, вырашальным, паядынку, што праходзіў у Гродне, магіляўчане здолелі вырваць перамогу з мінімальнай перавагай 80:79. Галоўны трэнер "Барысфена" Андрэй Крыванос раней узначальваў "Цмокi" і 6 разоў прыводзіў іх да звання чэмпіёнаў краіны.

Для "драконаў" паўфінальная серыя гэтага сезона склалася даволі проста: рэзервісты чэмпіёнаў тройчы перамаглі віцебскі "Рубон". У вырашальных сустрэчах за золата каманда Аляксандра Круцікава згуляе з асноўным складам.

У барацьбе за бронзавыя ўзнагароды сустрэнуцца няўдачнікі паўфінальных серый "Гродна-93" і "Рубон".

У жаночым чэмпіянаце Беларусі таксама дамінуюць сталічныя "Цмокі". Яны змогуць аформіць свой другі запар тытул ужо ў гэту суботу, калі перамогуць у трэцім паядынку фінальнай серыі баскетбалістак "Гарызонта". У двух папярэдніх матчах жаночая каманда "драконаў" упэўнена перамагла сваіх саперніц - 75:63 і 73:47.

Таксама 19 мая можа вызначыцца ўладальнік бронзавых узнагарод: баскетбалістам гродзенскай "Алімпіі" засталося атрымаць усяго адну вікторыю над "Гомелем". Да гэтага гродзенская каманда на сваёй арэне двойчы перамагла гамяльчанак - 74:54 і 83:67.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі