Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
03 мая 2019, 11:49

"Арсенал" перамог "Валенсію", "Айнтрахт" і "Чэлсі" згулялі ўнічыю ў першых паўфінальных матчах Лігі Еўропы

3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты лонданскага "Арсенала" атрымалі валявую перамогу над "Валенсіяй" у дамашнім паўфінале Лігі Еўропы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У Лондане футбалісты "Валенсіі" на 11-й хвіліне выйшлі наперад, але потым двойчы прапусцілі пасля дубля Аляксандра Ляказета. Ён зраўнаваў лік на 18-й хвіліне гульні, а яшчэ праз 8 хвілін вывеў "Арсенал" наперад. Пасля перапынку гаспадары мелі перавагу і перад самым фінальным свістком П'ер-Амерык Абамеянг устанавіў канчатковы рэзультат - 3:1.

Яшчэ аднаму клубу з брытанскай сталіцы "Чэлсі" таксама давялося адыгрывацца. У пачатку гульні ў Франкфурце сербскі форвард "Айнтрахта" Лука Ёвіч адкрыў лік, а незадоўга да перапынку іспанскі паўабаронца гасцей Педра Радрыгес зраўнаваў рэзультат. У другім тайме абедзве каманды маглі не раз вызначыцца, але мяч у вароты так і не трапіў - нічыя 1:1.

Сустрэчы ў адказ за выхад у фінал другога па рангу кантынентальнага турніру адбудуцца 9 мая ў Лондане і Валенсіі. Фінальны паядынак Лігі Еўропы пройдзе 29 мая на стадыёне "Алімпійскі" ў Баку.-0-

Фота афіцыйных twitter-акаўнтаў УЕФА, "Арсенала", "Айнтрахта" і "Чэлсі"

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі