Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 студзеня 2017, 15:53

Выкарыстанне мабільных дадаткаў для заказу таксі патрабуе заканадаўчага рэгулявання - дэпутат

18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выкарыстанне мабільных дадаткаў для заказу таксі патрабуе заканадаўчага рэгулявання. Такое меркаванне сёння журналістам выказаў старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Андрэй Рыбак перад семінарам Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі для дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Размова ідзе аб папраўках у закон "Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках", які прыняты ў першым чытанні. "У галіне адбываюцца значныя перамены, таму змяненні наспелі. Напрыклад, мы бачым, што ў транспартнай сферы ўсё шырэй прымяняюцца інфармацыйныя тэхналогіі. Для заказу таксі мы ўсё часцей карыстаемся мабільнымі дадаткамі. Гэта пытанне трэба заканадаўча ўрэгуляваць. Гэта створыць прававую аснову для развіцця гэтай сферы, і пасажыры будуць атрымліваць больш якасную паслугу", - адзначыў дэпутат.

Паводле слоў Андрэя Рыбака, значныя змяненні будуць датычацца перавозак аўтамабілямі таксі. "Калі паміж пасажырам і перавозчыкам узнікаюць спрэчныя пытанні, не заўсёды ёсць неабходная інфармацыя для іх вырашэння. Таму павышаецца роля і адказнасць дыспетчарскай службы. Яна абавязана прадастаўляць пасажырам усю інфармацыю аб часе прыбыцця, тарыфах, узнікшых праблемах. Гэта інфармацыя павінна фіксавацца і захоўвацца на працягу года", - дадаў ён.

Сярод новаўвядзенняў, якія будуць прадугледжаны папраўкамі ў закон, Андрэй Рыбак таксама назваў узмацненне прававой абароны грузаперавозчыкаў. "Будзе дакладна рэгламентаваны пералік грузасуправаджальных дакументаў, які неабходны для ўнутрырэспубліканскіх і міжнародных перавозак. Адказнасць за афармленне гэтых дакументаў будзе ўскладацца на адпраўніка грузу. Думаю, што змяненні дадуць новы імпульс развіццю галіны", - адзначыў ён.

Закон будзе скарэкціраваны з улікам патрабаванняў Хартыі якасці міжнародных аўтамабільных грузавых перавозак. Паводле слоў дэпутата, гэта дасць магчымасць пашырыць прысутнасць беларускіх перавозчыкаў на міжнародных рынках.

Мэта семінара ў Палаце прадстаўнікоў - азнаямленне дэпутатаў з дзяржаўнымі інфармацыйна-прававымі рэсурсамі НЦПІ, а таксама тэхналогіяй фарміравання і вядзення Нацыянальнага рэестра прававых актаў і эталоннага банка даных прававой інфармацыі, афіцыйнага апублікавання прававых актаў на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі