Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 лютага 2018, 12:20

Вучоныя выступаюць за адукацыйныя курсы беларускай мовы ў тэле-, радыёэфіры і інтэрнэце

21 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адукацыйныя курсы беларускай мовы неабходна арганізаваць у тэле-, радыёэфіры і інтэрнэт-прасторы, каб садзейнічаць стварэнню моўнага асяроддзя. Такую прапанову агучыў у час круглага стала ў газеце "Звязда" першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік Аляксандр Лукашанец, паведамляе БЕЛТА.

Паводле яго слоў, ствараць моўнае асяроддзе неабходна мэтанакіравана, не пускаючы гэта на самацёк. У інфармацыйнай прасторы краіны недастаткова гучыць беларуская мова, лічыць ён. Сёння вельмі важна, каб былі арганізаваны адукацыйныя курсы на радыё, дзе, напрыклад, у ранішнім эфіры, магла б быць 15-мінутная праграма "Гаворым па-беларуску правільна". Неабходны такія праграмы і на тэлебачанні. "Асабліва актуальная праблема - арганізацыя такой дзейнасці ў інтэрнэт-прасторы. Але гэта вельмі складана, паколькі сёння інтэрнэт не садзейнічае культуры маўлення як беларускага, так і рускага. Гэта звязана з тым, што адносіны і патрабаванні да агульнай культуры і культуры маўлення ў грамадстве вельмі знізіліся. Сёння нашай асноўнай праблемай з'яўляецца тое, што стала не сорамна пісаць і гаварыць з памылкамі, - так званая праблема моўнай кампетэнцыі", - сказаў Аляксандр Лукашанец.

Пры гэтым вучоны лічыць, што не трэба драматызаваць сітуацыю па арганізацыі стацыянарных курсаў беларускай мовы. Яны з'явяцца ў залежнасці ад патрэбнасцей грамадства. Будуць жадаючыя - знойдуцца і выкладчыкі, і арганізацыі, якія возьмуцца за стварэнне курсаў. І такія сімптомы ўжо назіраюцца, сказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі