Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 ліпеня 2019, 17:51

Вучоныя расказалі пра ўраджай грыбоў і ягад у лясах Беларусі

11 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Навуковы супрацоўнік сектара харчовых і лекавых рэсурсаў лесу Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Таццяна Майсеева расказала карэспандэнту БЕЛТА пра ўраджай грыбоў і ягад у Беларусі ў бягучым годзе.

"Красавік, май і чэрвень былі засушлівымі амаль па ўсёй краіне, тэмпература паветра перасягала кліматычную норму. Усё гэта, вядома, аказала свой уплыў на ўраджай грыбоў і ягад. Грыбы з'явіліся ў канцы красавіка - пачатку мая, асабліва па поўдні Беларусі, але хутка прапалі з-за такога анамальнага надвор'я. Калі мы ў сярэдзіне чэрвеня складалі прагнозы для Мінпрыроды, у Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Віцебскай абласцях па ўсіх відах рэсурсаўтваральных грыбоў (белы грыб, лісічка звычайная, падбярозавік, падасінавік і апенька асенняя) прагнозы былі сярэднія, а ў Гомельскай і Магілёўскай - ніжэй за сярэдні. Ліпень, які лічыцца самым гарачым летнім месяцам, таксама не парадаваў надвор'ем: даволі халаднавата, часта ідуць дажджы. З аднаго боку, можна сказаць, што для грыбоў гэта добра, але з другога - многія з іх, напрыклад лісічкі, рыжыкі, любяць цяпло і не любяць празмерную вільгаць. Для іх найбольш спрыяльнае цёплае надвор'е і калі дождж імжыць", - сказала Таццяна Майсеева.

Яна адзначыла, што грыбны пік у Беларусі звычайна прыпадае на жнівень-верасень. "Гэта самыя грыбныя месяцы, таму што да летніх грыбоў дабаўляюцца асеннія. Якога ўраджаю грыбоў нам чакаць у жніўні-верасні - будзе залежаць ад надвор'я ў бліжэйшыя тыдні. Калі праз тыдзень-другі ўсталюецца цяпло, то і пойдуць грыбы - тыя ж маслякі, сыраежкі, белыя грыбы, падбярозавікі, падасінавікі, махавікі. А ўжо бліжэй да верасня да іх далучацца падгруздкі, радоўкі, грузды, апенькі", - адзначыла вучоны.

Засуха паўплывала і на ўраджай ягад, асабліва па поўдні Беларусі. "Чарніцы ў гэтым годзе дробныя, іх мала. Ураджай журавін па Брэсцкай, Гомельскай і Віцебскай абласцях сярэдні, па астатніх рэгіёнах - ніжэйшы за сярэдні. Брусніцы і буякі ў лясах не вельмі часта сустракаюцца, асабліва па поўдні Беларусі. У Гомельскай вобласці брусніцы з лясоў наогул знікаюць з-за такіх анамальных тэмператур вышэйшых за кліматычную норму. Нават калі цвіценне брусніц і буякоў вельмі багатае, ураджай бывае ніжэйшы за сярэдні і нізкі. У брусніц у моцную гарачыню часта ападае завязь, у выніку, калі яны к жніўню паспяваюць, ягад застаецца мала. У гэтых адносінах найбольш спрыяльныя ўмовы ў Віцебскай вобласці: калі няма замаразкаў позняй вясной і ранняй восенню, усе ягаднікі даюць добры ўраджай", - звярнула ўвагу Таццяна Майсеева.

Паводле даных Белгідрамета, красавік 2019 года ў Беларусі быў самым сухім за апошнія 75 гадоў. У сярэднім па Беларусі выпала 7 мм ападкаў, што складае 18,2 працэнта кліматычнай нормы. Сярэдняя тэмпература паветра па Беларусі ў красавіку была на 1,5 градуса вышэй за норму - такі высокі паказчык адзначаецца прыкладна адзін раз у 10 гадоў. У маі тэмпература была ў асноўным на 1-2 градусы вышэй за норму. Дажджы былі пераважна кароткачасовымі, недабор ападкаў у маі адзначаўся ў асобных раёнах па паўднёвым усходзе і паўночным захадзе краіны.

Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за чэрвень перасягнула кліматычную норму на 4,6 градуса. У першы летні месяц адзначаўся недабор ападкаў - 55 працэнтаў кліматычнай нормы, у выніку чаго на рэках краіны назіраўся ў асноўным спад узроўняў вады. Пры гэтым няхватка вільгаці адзначалася ва ўсіх трох дэкадах чэрвеня - выпала 29 працэнтаў, 42 працэнты і 89 працэнтаў кліматычнай нормы адпаведна. У ліпені ж усталявалася халаднаватае дажджлівае надвор'е з тэмпературай паветра ніжэйшай за кліматычную норму.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі