Сцяг Пятніца, 3 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 красавіка 2024, 12:05

Вальфовіч пра суботнік: як і абарона краіны, падтрыманне парадку - гэта агульная задача

20 красавіка, Валожынскі раён /Кар. БЕЛТА/. Кіраўніцтва і супрацоўнікі Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі ў час рэспубліканскага суботніка прынялі ўдзел у добраўпарадкаванні мемарыяльнага комплексу ў памяць аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны савецкіх воінах і партызанах у Валожынскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У размове з журналістамі дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч расказаў, што, знаходзячыся на месцах былых баёў, ён пранікаецца пачуццём бязмернай удзячнасці і павагі да бацькоў і дзядоў, дзякуючы якім Беларусь не пакарылася ворагу.

"Сёння ва ўсіх кутках нашай любімай краіны праходзіць суботнік, у час якога дзяржслужачыя, працаўнікі, ваеннаслужачыя, медыкі, навучэнцы, аграрыі - практычна ўсе катэгорыі грамадзян - добраўпарадкоўваюць сваю тэрыторыю, - сказаў Аляксандр Вальфовіч. - У нашай краіне гэта ўжо стала традыцыйным мерапрыемствам. І госці Беларусі заўсёды дзівяцца чысціні нашай краіны. Але ж гэта (навядзенне чысціні. - Заўвага БЕЛТА) задача не толькі работнікаў ЖКГ. Як і абарона нашай краіны, падтрыманне парадку - гэта агульная задача".

На думку дзяржсакратара Савета бяспекі, беларусы абсалютна правільна ўспрымаюць неабходнасць падтрымання чысціні і парадку ў роднай краіне. "Грамадзяне сёння працуюць у розных месцах: нехта працуе на будоўлі, нехта - на мемарыяльных комплексах, нехта - на ўчастках лесу", - падкрэсліў ён.

Аляксандр Вальфовіч таксама расказаў пра гісторыю мемарыяла ў Валожынскім раёне. "Ён прысвечаны беларускім партызанам і падпольшчыкам. У 1943 годзе тут дыслацыраваліся абкам партыі, райкам камсамола. Гэтыя органы кіравалі некалькімі злучэннямі. І ў памяць аб іх подзвігу тут устаноўлены мемарыял", - растлумачыў ён.

Партызаны і падпольшчыкі, дадаў дзяржсакратар Савета бяспекі, дапамагалі часцям Чырвонай Арміі наблізіць Перамогу. "Яны змагаліся ў глыбокім тыле, прычыняючы сур'ёзны ўрон нямецка-фашысцкім захопнікам. Яны наносілі ўдары па нямецкіх гарнізонах, пускалі пад адхон эшалоны, вызвалялі палонных з канцлагераў. Гэта памяць, якая бярэ за душу. І ў Беларусі да гэтай памяці ставяцца асабліва", - перакананы ён.

Аляксандр Вальфовіч звярнуў увагу, што пытанні, звязаныя з гістарычнай памяццю і яе абаронай, у праекце Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі аднесены да стратэгічных інтарэсаў нашай краіны нараўне з забеспячэннем суверэнітэту, незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, непахіснасцю канстытуцыйнага ладу. "Абарона гістарычнай памяці - сапраўды наш стратэгічны інтарэс. На гэтай памяці трэба выхоўваць пакаленні. Як гаворыць Прэзідэнт, самае дарагое, што ёсць у нашай краіны, - гэта мір і бяспека. Каб гэта берагчы і шанаваць, трэба памятаць, што было 80 гадоў таму на тэрыторыі нашай краіны", - падкрэсліў ён.

Дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі выбера для прывядзення ў парадак мемарыялы, якія знаходзяцца на адлегласці ад Мінска і іншых гарадоў. "Мы бачым, што і тут помнікі знаходзяцца ў чысціні і парадку. Мясцовыя органы ўлады і жыхары іх падтрымліваюць. Але калі сюды прыязджаюць, мясцовыя жыхары адчуваюць, што яны не адзінокія ў гэтых рэчах. Што самае галоўнае, Дзяржсакратарыят прыехаў сюды са сваімі сем'ямі і дзецьмі, каб дзеці бачылі, як іх бацькі ставяцца да такіх святых рэчаў. Але гэта магчымасць і самім пакланіцца памяці нашых дзядоў і прадзедаў. У мяне дзед прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну з 1941 па 1945 год, з'яўляючыся нампалітам пяхотнай роты. Ён меў некалькі ордэнаў. Таму ў нашай сям'і вельмі шануюць памяць пра людзей, якія змагаліся за свабоду і незалежнасць нашай краіны", - рэзюмаваў дзяржсакратар Савета бяспекі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі