Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 сакавіка 2018, 09:00

Уладам на месцах важна вызначаць напрамкі развіцця тэрыторый сумесна з жыхарамі - Бузоўскі

16 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уладам на месцах важна вызначаць напрамкі развіцця тэрыторый сумесна з жыхарамі, заявіў кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Ігар Бузоўскі на сустрэчы ў гарадской ратушы дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета з прадстаўнікамі грамадскасці Цэнтральнага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Ігара Бузоўскага, уладам важна ведаць меркаванне жыхароў наконт таго, што неабходна зрабіць у раёне. На гэта ў тым ліку былі накіраваны сацыялагічныя даследаванні, якія праводзіліся ў Цэнтральным раёне сталіцы ў перыяд перадвыбарнай кампаніі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Вынікі атрыманы, яны пацвердзілі, што тыя праблемы, на якія ўказалі грамадзяне, улада бачыць і працуе ў напрамку іх вырашэння. "Гэта зваротная сувязь у нас ёсць, яна працуе", - падкрэсліў кіраўнік раёна.

Ён расказаў, што людзі звярталі ўвагу на праблемы ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, такія як арганізацыя прыбірання дваровых тэрыторый, добраўпарадкаванне, капітальны рамонт жылля і якасць адпаведных работ. Узнімаліся пытанні, звязаныя з развіццём сацыяльнай інфраструктуры. "Для нас гэта таксама задача на перспектыву ў выніку таго, што раён прырастае, патрэбны і дашкольныя ўстановы, і школы", - сказаў Ігар Бузоўскі.

Кіраўнік раёна звярнуў увагу, што для грамадзян часам значна важней эфектыўнае вырашэнне невялікіх, лакальных праблем, чым тыя ці іншыя глабальныя праекты. "Мы прымаем рашэнні - будуем дарогу, сацыяльны аб'ект, а жыхары гавораць - зрабіце мне двор. Прывялі ў парадак дваровую тэрыторыю - і яны задаволены, - прывёў прыклад Ігар Бузоўскі. - Мы хочам чуць, хочам быць пачутымі. І як вынік - хочам, каб атрымаўся пазітыўны вынік ад узаемадзеяння ўлады і грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі раёна".

На сустрэчу ў гарадской ратушы былі запрошаны выбаршчыкі - жыхары раёна, якія ў перадвыбарны перыяд прымалі ўдзел у акцыі, накіраванай на выяўленне найбольш хвалюючых іх праблем. Ігар Бузоўскі выказаў удзячнасць жыхарам за актыўную грамадзянскую пазіцыю. "Прыняўшы ўдзел у акцыі, вы паказалі, што неабыякавыя да праблем горада", - сказаў ён.

Як адзначыў старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Васіль Панасюк, праект у тым ліку быў накіраваны на фарміраванне ў грамадзян прававой і палітычнай культуры. Мерапрыемства стала добрай пляцоўкай для дыялогу дэпутатаў з выбаршчыкамі. "Агучаныя праблемы народныя выбраннікі возьмуць на кантроль, яны знойдуць адлюстраванне ў мерапрыемствах па выкананні наказаў выбаршчыкаў", - запэўніў ён.

Сустрэча была прымеркавана да Дня Канстытуцыі. Ігар Бузоўскі і дэпутаты Мінгарсавета ўручылі пашпарты маладым людзям.-0-

Фота Раміля Насібуліна

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі