Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 красавіка 2017, 17:55

Уладальнікаў інтэрнэт-прэміі "ТІБО-2017" узнагародзілі ў Мінску

20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уладальнікаў інтэрнэт-прэміі "ТІБО-2017" узнагародзілі ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА з цырымоніі ўзнагароджання.

Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч падкрэсліла, што ўручэнне інтэрнэт-прэміі "ТІБО" 15-ы раз - знамянальная падзея. "Гэта 15 гадоў пошукаў, якія ўжо ўвянчаліся поспехам. Нам ёсць што прапанаваць у нацыянальным сегменце інтэрнэту, мы стварылі шмат якасных рэсурсаў, якія дапамагаюць развіваць бізнес, робяць важныя сацыяльныя праекты, дапамагаюць чалавеку актыўна праводзіць вольны час і актыўна ўдзельнічаць у жыцці грамадства і дзяржавы. Гэта дапамагае нам будаваць новую Беларусь - краіну для жыцця. Таму давайце разам рабіць наш інтэрнэт інтэрнэтам для жыцця", - адзначыла міністр.

Лепшыя беларускія інтэрнэт-рэсурсы ў гэтым годзе вызначалі ў 9 намінацыях. Усяго на конкурс было пададзена больш за 280 заявак.

Лепшым інтэрнэт-рэсурсам рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання прызнаны сайт Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі (распрацоўка БЕЛТА). Першае месца з ім падзяліў рэсурс Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Другое месца члены журы прысудзілі сайту Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, распрацоўшчыкам якога таксама выступіла Беларускае тэлеграфнае агенцтва.

Сярод інтэрнэт-рэсурсаў гарадскіх, абласных і раённых выканаўчых камітэтаў лепшым названы сайт "Гродзенскага абласнога выканкама (распрацоўшчык БЕЛТА). Другое месца заняў афіцыйны інтэрнэт-партал Магілёўскага гарвыканкама, трэцяе - афіцыйны сайт Любанскага райвыканкама. Спецыяльны дыплом журы атрымаў афіцыйны інтэрнэт-партал Мінгарвыканкама.

Першае месца ў намінацыі "Адукацыя і навука" заняў сайт камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Другое месца ў сайта СШ нумар 4 горада Мінска, трэцяе - у афіцыйнага рэсурсу Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі. Спецыяльны дыплом атрымаў Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі. У гэтай намінацыі канкурыравалі 47 праектаў.

Члены журы таксама назвалі лепшыя інфармацыйныя рэсурсы. У гэтым годзе першае месца прысуджана парталу аб'яднанай рэдакцыі газеты "Советская Белоруссия", другое - ONT.BY. Трэцім стаў сайт дзяржаўнай установы "Тэлекампанія ВаенТБ" (распрацоўка БЕЛТА).

У намінацыі "Карпаратыўны інтэрнэт-рэсурс" першае месца заняў сайт нацыянальнага лізінгавага аператара Беларусі - кампаніі "Прамагралізінг", на другім размясціўся рэсурс "Мінскводаканала", на трэцім - сайт тураператара "Інтэрсіці".

Перамогу ў намінацыі "Інтэрнэт-магазіны" атрымаў сайт анлайн-гіпермаркета 21 vek.by. Другое і трэцяе месцы не прысуджаліся.

Сайт Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі атрымаў пальму першынства ў намінацыі "Культура і мастацтва". Другое месца заняў інтэрнэт-рэсурс Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, трэцяе месца прысуджана сайту Віцебскай абласной філармоніі.

У намінацыі "Спорт, турызм і забавы" першае месца атрымаў сайт Беларускай федэрацыі баскетбола, другое - сайт фізкультурна-аздараўленчага комплексу "Мандарын", трэцяе - сайт Protennis.by. К паднамінацыі "Турагенцтвы, гульнявыя і забаўляльныя цэнтры, паркі і г.д." першым стаў рэсурс санаторыя "Лясное" КДБ Беларусі.

Лепшымі сайтамі аб здароўі і медыцыне прызнаны Інфармацыйны партал медыцынскіх паслуг (першае месца), УАЗ "9-я гарадская клінічная бальніца" (другое), УАЗ "Новалукомская цэнтральная раённая бальніца" і УАЗ "Пружанская цэнтральная раённая бальніца" (падзялілі трэцяе месца).

У намінацыі "Для дзяцей і юнацтва" прысуджалася толькі першае месца, пераможцам стаў віртуальны музей "Беларуская хатка".

Інтэрнэт-прэмія "ТІБО" з'яўляецца прэміяй аргкамітэта выстаўкі і прысуджаецца сеткавым работам, створаным у беларускім сектары інтэрнэту за важкія мастацкія, тэхналагічныя і сацыякультурныя дасягненні ў галіне інфармацыі, культуры, мастацтва і адукацыі. З 2003 года ў конкурсе прынялі ўдзел больш за 7 тыс. інтэрнэт-рэсурсаў. Асноўнымі мэтамі прэміі з'яўляюцца: садзейнічанне развіццю беларускага сектара інтэрнэту, укараненню новых інфармацыйных тэхналогій і прапаганда лепшых дасягненняў беларускага сектара інтэрнэту. У гэтым годзе конкурсу "Інтэрнэт-прэмія ТІБО" спаўняецца 15 гадоў.

Міжнародны форум "ТІБО-2017" праходзіць з 18 па 21 красавіка ў Мінску.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі