Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 лістапада 2014, 15:10

У НАН Беларусі выбраны 16 акадэмікаў і 28 членаў-карэспандэнтаў

17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выбраны 16 акадэмікаў і 28 членаў-карэспандэнтаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе НАН.

"Нацыянальная акадэмія навук Беларусі падвяла вынікі выбараў новых правадзейных членаў (акадэмікаў) і членаў-карэспандэнтаў. Выбраны 16 акадэмікаў і 28 членаў-карэспандэнтаў", - растлумачылі ў прэс-службе.

Выбары адбыліся ў час сесіі Агульнага сходу НАН Беларусі 13 і 14 лістапада. На 24 вакансіі акадэмікаў і 39 вакансій членаў-карэспандэнтаў прэтэндавалі 40 і 118 кандыдатаў адпаведна. Самы вялікі конкурс адзначаны сярод кандыдатаў на званне акадэміка па спецыяльнасці "біятэхналогія раслін" (чатыры чалавекі на месца). Сярод кандыдатаў на званне члена-карэспандэнта больш за ўсё прэтэндэнтаў было па спецыяльнасці "тэхналогіі машынабудавання" (сем чалавек на месца).

Сярод новых акадэмікаў - тры члены Бюро Прэзідыума Акадэміі навук: першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН Сяргей Чыжык, намеснікі старшыні Прэзідыума НАН Сяргей Кілін і Аляксандр Сукала, два акадэмікі-сакратары Аддзяленняў навук НАН, пяць дырэктараў інстытутаў Акадэміі навук. Акадэмікам па спецыяльнасці "кардыяхірургія" стаў вядомы кардыяхірург, загадчык лабараторыі хірургіі сэрца ДУ РНПЦ "Кардыялогія" Юрый Астроўскі, па спецыяльнасці "прыборабудаванне" - дырэктар Навукова-тэхнічнага цэнтра "ЛЭМТ" БелОМА Аляксей Шкадарэвіч. Сярэдні ўзрост нававыбраных акадэмікаў - 61 год.

Сярод 28 выбраных членаў-карэспандэнтаў - два акадэмікі-сакратары аддзяленняў навук НАН Беларусі, шэсць кіраўнікоў арганізацый Акадэміі навук, дырэктар ААТ "КБ Радар" - кіруючая кампанія холдынга "Сістэмы радыёлакацыі" Сяргей Кастраміцкі, шэраг вядомых вучоных-медыкаў, у тым ліку дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Віктар Сняжыцкі. Сярэдні ўзрост нававыбраных членаў-карэспандэнтаў - 60 гадоў.

Выбары акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі праводзяцца адзін раз у 2,5-3 гады ў межах існуючых вакансій па спецыяльнасцях, што зацвярджаюцца Прэзідыумам НАН.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі